21–24 кастрычніка ў Вільнюсе (Літоўская Рэспубліка) адбылася міжнародная канферэнцыя “Кнігі і іншыя сродкі масавай інфармацыі: даследаванні, вучоныя, камунікацыя”.
Канферэнцыя была арганізавана Вільнюскім універсітэтам і праходзіла ў будынку Акадэміі навук Літвы.
Вядомыя даследчыкі кніжнай спадчыны, выкладчыкі, філолагі, бібліятэкары, гісторыкі і прадстаўнікі іншых гуманітарных навук з 10 еўрапейскіх дзяржаў прынялі ўдзел у канферэнцыі. Рэспубліка Беларусь была прадстаўлена супрацоўнікамі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ) і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
Вядучы бібліёграф навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства НББ Салавей Т.У. выступіла з дакладам “Рэканструкцыя бібліятэкі правялебнага Георгія Каніскага (па матэрыялах фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі)” на секцыі “Рукапісная кніга ў Вялікім Княстве Літоўскім і суседніх краінах”.