19–21 кастрычніка ва Усерасійскай дзяржаўнай бібліятэцы замежнай літаратуры імя М.І. Рудаміно прайшла 5-я штогадовая Міждысцыплінарная навукова-практычная канферэнцыя “Кніжныя помнікі ў аспекце захаванасці”.
Канферэнцыя з’яўляецца пляцоўкай для прафесійнага дыялогу спецыялістаў з розных краін па шырокім коле пытанняў, звязаных з даследаваннем, захаванасцю і папулярызацыяй кніжнай культурнай спадчыны.
Ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў мерапрыемстве ўзяла ўдзел загадчыца аддзела рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў Дзіяна Муратава з відэапрэзентацыяй “Аднаўленне пераплётаў сучасных дакументаў з выкарыстаннем каленкору, афарбаванага гуашшу з ПВА”. Удзельнікі канферэнцыі азнаёміліся з распрацаваным у аддзеле метадам фарбавання каленкору, які ўжываецца для аднаўлення пераплётаў сучасных дакументаў і дазваляе захоўваць гарманічнае ўспрыманне арыгінальнага пераплёту і выкарыстоўваць даступныя матэрыялы.
Матэрыял пададзены аддзелам рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў.