ГалоўнаяНавіныАўтарскі погляд
Бібліятэцы мінскай школы падораны кнігі
Праграма XV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў

Ганна Севярынец: “Час можна перамагчы, а смерці няма”

Ганна Севярынец: “Час можна перамагчы, а смерці няма”
Іншыя навіны

“Каханне, Горад і Час – галоўныя героі новага гістарычнага рамана “Гасцініца “Бельгія”. Так гаворыцца ў анатацыі да кнігі. Мы гутарым з яе аўтарам – педагогам, літаратуразнаўцай, архівістам, пісьменніцай і блогерам Ганнай Севярынец.

Ваш новы раман прысвечаны “адной з самых прыгожых, амбітных, яскравых і трагічных старонак жыцця беларускай літаратуры”, звязанай з дзейнасцю літаратурных суполак “Маладняк” і “Узвышша” і іх стваральнікаў. Я ўпершыню пачула пра трагічны лёс маладнякоўцаў і ўзвышаўцаў, патрапіўшы ў канцы 1980-х на выстаўку “Покліч” у Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. А з чаго пачалося ваша захапленне гэтай тэмай?

Belgiya.jpgГэты час – пачатак стагоддзя, рэвалюцыі і Грамадзянская вайна, пасляваенныя дваццатыя – наогул я ведаю няблага, бо займалася ім яшчэ студэнткай рускага філфаку, а потым пісала дысертацыю па творчасці Гайта Газданава, расійскага празаіка-эмігранта. Мяне заўсёды захапляла гэтае ўнутранае напружанне паміж прыватным чалавечым жыццём – і планетарнымі гістарычнымі катаклізмамі, вабіў незвычайны харызматычны выбух талентаў і геніяў, што адбыўся тады ў культуры.

Што ж тычыцца беларускай гісторыі і літаратуры дваццатых – яны для мяне пачаліся з Уладзіміра Дубоўкі, паэта і чалавека, чый маштаб мы і сёння не надта ўяўляем сабе. Я не ведаю ў сусветнай літаратуры гісторыі, роўнай па напружанні і сэнсам гісторыі Уладзіміра Дубоўкі. Захапіўшыся ім, пачала чытаць пра яго і вакол яго – і ўсё, прапала, дала нырца ва ўласную гісторыю.

Цяпер і не разумею нават, як магла шукаць цікавае і вартае недзе там, за межамі, бо вось тут, проста пад рукамі, проста навокал, – жыве і дыхае адна з самых цікавых і нефарматных еўрапейскіх літаратур, наша ўласная літаратура.

Узорам майстэрства ў адлюстраванні “духу эпохі” для вас служылі творы Ю. Тынянава. Прастора і час у вашым рамане адноўлены вельмі дакладна. Мне бачыцца асаблівая высакароднасць у тым, як вы абыходзіцеся з гістарычным фактам, удакладняючы нават дробныя дэталі: амаль кожны абзац грунтуецца на мемуарным ці архіўным дакуменце, маршруты герояў вылічаны з дакладнасцю да хвіліны, адшуканы расклад тагачаснага руху цягнікоў, зладжаны кансультацыі са спецыялістамі. Такая адказнасць, карпатлівае падмацаванне амаль кожнага радка дакументальным сведчаннем – гэта школа навуковага даследчыка, якую вы прайшлі, ці нешта яшчэ?

Гэта і ёсць простае жаданне аднавіць час. Мне б хацелася апынуцца ў ім і пабачыць яго сваімі вачыма, можа, нават і пражыць яго. Я разумею, што, хутчэй за ўсё, я і зараз проста прыдумала яго, спазнала выключна праз свае ўнутраныя прызмы. Але я не хачу прыдумваць, я хачу бачыць і час, і горад, і людзей такімі, якімі яны былі ці маглі быць. Што я магу дзеля свайго жадання? Толькі выкарыстаць інструменты, якімі ў некаторай ступені валодаю: пошук, дакумент, слова. Мінск, які мы па звычцы лічым “горадам без легенд”, насамрэч проста дыхае легендамі, байкамі, незвычайнымі цікавосткамі, гісторыяй, часам.

У 1926 годзе, калі адбываецца раскол “Маладняка” і прэсінг “Узвышша”, Нямігу бяруць у калектар. Маладыя пісьменнікі, якія адчуваюць сябе, па словах Ірыны Дубянецкай, “багамі-стваральнікамі”, пачынаюць разумець, што яны не ўсёмагутныя, і быццам само жыццё ілюструе, як “бурапенную” энергію можна скаваць, заключыць у вузкія рамкі. У параўнанні з такой метафарай любая аўтарская блякне. Пэўна, і з гэтай прычыны вы аддаяце перавагу гістарычнаму раману як найвышэйшай ступені існавання прозы?

І з гэтай таксама. Я наогул лічу, што мастацкі вымысел безумоўна блякне побач з рухам гісторыі і чалавечым лёсам. Але што мяне сапраўды захапляе – гэта ўменне некаторых людзей, пераважна людзей культуры, як іх называлі ў дваццатыя, “культурнікаў”, выбудоўваць сваё жыццё па законах мастацкай творчасці.

Гэты феномен называецца “жыццятворчасць”. І літаратуразнаўства пакрысе падбіраецца да гэтага пытання: як у іншых творцаў атрымліваецца пражыць жыццё так, нібыта яны яго напісалі? Джон Дон, Джордж Байран, Оскар Уайльд, Аляксандр Пушкін, Леў Талстой, Блок, Ахматава, нашы Уладзімір Дубоўка і Алесь Дудар – жыццятворцы выключнага таленту, калі разглядаць іх біяграфіі з пункту гледжання мастацкай творчасці, пабудовы сюжэтаў, мастацкай структураванасці пражытага жыцця, падпарадкаванасці яго адзінай высокай мэце.

Я не ведаю, як гэта ў іх адбывалася і ў якой ступені яны ўсведамлялі самабудаўніцтва сваіх лёсаў, але страшэнна цікава, што і іншыя людзі, дзясяткі, сотні людзей, уключаных у кругабег іх жыццяў, таксама станавіліся нібыта героямі гэтых не напісаных, але пражытых раманаў і паэм. Такое ўменне, заўсёды драматычнае – пражыць жыццё па ўласных творчых законах, сканцэнтраваць ва ўласнай гісторыі ўсе хібы і заваёвы свайго часу – надзвычай уражвае мяне ў маіх героях.

Члены “Узвышша” (Мінск, 1928)

Члены “Узвышша”. Уладзімір Дубоўка ў шэрым касцюме ў цэнтры (1928).

У майстэрстве зацікавіць чытача вы арыентаваліся на У. Караткевіча з яго гістарычнымі раманамі. Раскрыйце сакрэт, якімі інструментамі трэба карыстацца, каб зрабіць тэкст, заснаваны на дакументах, захапляльным?

Сказаць па праўдзе, думаю, што якраз гэта мне і не ўдалося – зрабіць тэкст па-караткевічаўску захапляльным. Так, я ведаю, што ў мяне атрымаліся жывыя героі, неблагія дыялогі, сапраўдныя стасункі паміж людзьмі. Але адначасова я ведаю, што ў сюжэце не хапае напругі, як гэта цяпер называецца – “экшану”. У большасці чытачоў “Бельгія” чытаецца павольна, не “глытаецца”, дзеля яе не прапускаюць станцыі метро, прыкладам. Магчыма, гэта таму, што я не хацела ўмешвацца ў ход сюжэта жыццёвага, паварочваць ход сапраўднай гісторыі дзеля экшану мастацкага. Таму сакрэтаў захапляльнасці насамрэч я пакуль не ведаю. Буду думаць над імі.

ГОРАД

Асабіста я "праглынула" раман з вялікай цікавасцю, дарэчы, напісаны ён лёгкай для чытача мовай. Прываблівалі і нестандартныя героі, і рэальныя гісторыі, і блізкае мне літаратурнае асяроддзе, і любімы горад, які адкрываўся ў нязвыклым ракурсе. Вы маглі б сёння правесці экскурсію па літаратурным Мінску міжваеннага перыяду? Многія будынкі, пра якія вы ўпамінаеце ў рамане – гасцініца “Бельгія”, Белпедтэхнікум, касцёл Св. Фамы, – не дайшлі да нашага часу. Некаторыя, як гасцініца “Еўропа”, не так даўно адноўлены. А якія з даўніх часоў існуюць і сёння?

А вось якраз будзе дзве такія экскурсіі, менавіта па сцежках і кропках “Бельгіі”, адна з іх – у межах фестывалю “Горад і кнігі”. Я крыху хвалююся, бо не маю ж адпаведнай “экскурсійнай” адукацыі, дый і Мінск ведаю вузка – толькі ў часе і прасторы сваіх герояў. Але паспрабую. Мне самой цікава, спадзяюся, што-нішто атрымаецца.

На мінскіх Вайсковых могілках знайшлі спачын многія славутыя асобы, у тым ліку тыя, пра каго вы расказалі ў рамане (Купала, Колас, Трус, Чорны). Абарона Вайсковых могілак ад пераўтварэння пад амерыканскі стандарт з аднолькавымі плітамі замест унікальных помнікаў і крыжоў – адна з гучных грамадскіх ініцыятыў леташняга года. Была сведкай, як падчас экскурсіі па іх і валанцёрскай працы вы нечакана ўбачылі магілу яшчэ аднаго чалавека, які ўзгадваецца ў рамане, Пятра Макавеева – настаўніка Алеся Дудара. Што гэта – містыка, шчаслівы выпадак ці заканамернасць?

Гэта – заканамерная містыка. Ці містычная заканамернасць. На шляху даследчыка літаратуры такія незвычайныя супадзенні, нечаканыя знаходкі сустракаюцца паўсядзённа. Я дык пачынаю хвалявацца, калі іх доўга не бывае, а не тады, калі яны здараюцца.

Раман Матульскі, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, выразіў меркаванне наконт Вільні пачатку XX ст. з яе кнігазборамі, музейнымі калекцыямі, архівамі, асветніцкімі і навучальнымі ўстановамі. Ён параўнаў значнасць Вільні для беларусаў са значнасцю Санкт-Пецярбурга для расіян. Яе страта да гэтага часу адчувальная для нашай культуры. Тым больш, што тагачасны Менск немагчыма было параўнаць з Масквой. А што вы думаеце пра сённяшні Мінск?

Я думаю, што гэта – многаабяцальны горад. Мінск можа сёння пераўтварыцца ў што заўгодна: у горад музеяў, у горад легендаў, у горад прывідаў, у горад успамінаў. Шкада толькі, што зараз ён надта пакутуе ад няздарных архітэктараў. Як з усім тым, што яны тут панабудоўвалі, быць потым – невядома. Усё тое шкло і бетон, якія яны тут панаставілі, хіба ж пазносіш усё…

ЛЮДЗІ

Вашы героі – пакаленне пачатку мінулага стагоддзя – амбіцыйныя і таленавітыя, імклівыя ў развіцці і неабмежаваныя ў планах, з “бурапеннай” энергіяй і ідэяй стварэння новага жыцця. Сучаснае маладое пакаленне пачатку ХХІ ст. падобна да іх?

Дзякуй богу, не. Усё ж такі сённяшняя моладзь мае за спінай досвед і ўрок дваццатага стагоддзя, больш цвяроза глядзіць на свет і на свае магчымасці ў ім. Аднак за тое я і люблю іх, тых людзей “адтуль”, – за іх падлеткавую амаль, такую прыгожую недасведчанасць у жорсткіх законах гісторыі.

Цытата з рамана: “Ёсць такое за беларусамі: ворага не дачакацца, жыццё адзін аднаму сапсаваць, рагамі ўперціся адзін супраць аднаго і не саступіць ані кроку… Не шкадаваць, лупіць наводмаш. Нібыта няма каму іх лупіць”. Адкуль гэтая рыса ў нацыянальным характары?

Мне падаецца, гэта нейкае ў нас спрадвечнае, “хутарское”, вельмі цесныя, вузенькія, але ж непахісныя межы ўласнага сусвету. Не кранай майго – і так яго мала маю. Нешта такое.

Сам Купала сказаў аднойчы Дубоўку: “Уладзя, ты – Пушкін, я перад табой толькі Дзяржавін”. Не хочацца паўтараць банальнасць пра ўмоўны лад у гісторыі, але не магу не спытаць: як вы лічыце, калі б не хвалі рэпрэсій, хто з пісьменнікаў маладнякоўцаў-узвышаўцаў мог бы стаць упоравень з класікамі беларускай літаратуры?

Безумоўна, гэта Уладзімір Дубоўка, Алесь Дудар, Тодар Кляшторны і Юлі Таўбін. Гэтыя чатыры паэты, дай ім лёс шчэ крыху часу, зрабілі б нашу літаратуру іншай. Усе тыя, каго мы зараз лічым савецкімі класікамі – улучна з вельмі сімпатычнымі мне Глебкам і Броўкам – дыхаюць у пуп гэтым чатыром выбітным творцам.

Glebka.jpgГаворачы пра свае мэты, вы ўпамянулі, што хацелі адлюстраваць розныя стратэгіі выжывання людзей ў пераломны час: Дубоўка – гэта герой у антычным сэнсе, Дудар – негерой (не блытаць з антыгероем), Глебка – годны чалавек, але вёрткі, здольны праслізнуць паміж зубцамі страшэнных колаў. Ужо 5 красавіка на фестывалі “Прадмова” будзе прадстаўлена ваша новая кніга “Вакол Пятра Глебкі”. А ў планах – яшчэ адзін твор, дзе галоўным будзе антыгерой-ліхадзей. Хто гэты персанаж, можа, прыадкрыеце тайну?

Не, пакуль не скажу. Маю на прыкмеце таго-сяго, але шчэ не вызначылася. Магу сказаць, што адзін з магчымых герояў такога даследавання – Віктар Эмануілавіч Быхоўскі, следчы, які ўласна катаваў нашых хлопцаў, вёў следства і складаў фальшывыя пратаколы допытаў, подпіс пад якімі выбіваў з падследных нялюдскімі метадамі. Я ведаю ягоную біяграфію, ведаю тое-сёе пра ягоную сям’ю, у мяне ляжыць ягоны фотаздымак і копіі пратаколаў ягоных допытаў, калі ён праходзіў па справе аб “перавышэнні паўнамоцтваў”. Магчыма, гэта будзе ён.

У сакавіку Нацыянальная бібліятэка прадставіла першую частку маштабнага сумеснага з архівістамі і музейнікамі віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”. Праект таксама прысвечаны літаратурнаму аб'яднанню “Маладняк”, 100-годдзе якога будзе адзначацца ў 2023 годзе. Можа, параіце, на што зрабіць акцэнт, што падаецца вам самым важным?

О, я тут не вазьмуся раіць! Я ў такім вялікім захапленні ад гэтага праекта, ад маштабу задумы, ад імпэту людзей, што за яго ўзяліся! Буду ўдзячным карыстальнікам усіх матэрыялаў, што будуць падрыхтаваныя ў межах праекта. Дарэчы, ужо набыла створаны Нацыянальнай бібліятэкай дыск “Станаўленне беларускай дзяржаўнасці” з алічбаванай прэсай 1917–1922 гадоў.

Sevjarynets-2.jpg
На імпрэзе, прысвечанай 110-годдзю з дня нараджэння Валерыя Маракова, у Музеі гісторыі беларускай літаратуры (2019).

Праект “На хвалі часу, у плыні жыцця” будзе папаўняцца на працягу пяці гадоў больш падрабязным расповедам пра сяброў аб'яднання – юбіляраў пэўнага года. У “Гасцініцы «Бельгія»” вам удалося ажывіць іх, паказаць без лакіроўкі і пафаснасці, вярнуць цікавасць да іх творчасці. Сёлета споўнілася 110 год з дня нараджэння Валерыя Маракова – аднаго з самых, па вашых словах, абаяльных маладнякоўцаў. Раскажыце якую-небудзь гісторыю пра яго.

Мне вельмі спадабалася гісторыя, якую расказваў Казімір Камейша: пра тое, што Валерык Маракоў, як быў малым, дапамагаў бацьку класці печы. Яны хадзілі ўдвох па менскіх ваколіцах і наймаліся да гаспадынь – каму печ скласці, каму – перакласці ці падшыхтаваць. Усцешна ўяўляць сабе, што і сёння дзе-нідзе ў прыватным сектары можа грэць людзей печка, складзеная Валерам Мараковым.

Ганна Канстанцінаўна Севярынец – аўтар мастацкіх кніг “Гасцініца «Бельгія»” (2019) і “Дзень святога Патрыка” (2017); кнігі дакументаў “Вакол Пятра Глебкі” (2019), дакументальнай біяграфіі “Уладзімір Дубоўка. Ён і пра яго” (2017), укладальніца зборніка “Выбраныя творы. Алесь Дудар” (2017), у які увайшлі новыя вершы з адшуканага ёю архіва паэта; аўтар прадмоў і каментарыяў да выдадзеных зборнікаў. Лаўрэат прэмій “Першая глава” (2016), “Гліняны Вялес” (2017), “Празрысты Эол” (2018). Працуе настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў гімназіі г. Смалявічы.

Гутарыла Алена Якавенка.

Працяг будзе, у другой частцы інтэрв’ю пагаворым з аўтарам пра час і пра каханне.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.
Фота са старонкі Ганны Севярынец у Фэйсбуку і з праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”.

Каментарыі карыстальнікаў:

Каментаванне даступна толькі зарэгістраваным карыстальнікам

Навіны

“Новая” Эліза Ажэшка ў цыкле лекцый Святланы Воцінавай

15 Ліп 2019

Журналістка, галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” Святлана Воцінава праводзіць цыкл лекцый, прысвечаны польскамоўнай прадстаўніцы беларускай літаратуры Элізе Ажэшка. У інтэрв'ю для Нацыянальнай бібліятэкі яна распавяла, чаму толькі зараз мы адкрываем для сябе “сапраўдны” вобраз пісьменніцы.

Аўтарскі погляд

Купалаў фэст аб’яднаў літаратурныя і касцёльныя традыцыі

16 Ліп 2019

14 ліпеня ў Радашковічах урачыста адбыўся Купалаў фэст – 2019. Ён праходзіў пад дэвізам “Беларусь – маё сэрца, залатая краіна” .  Арганізатарамі выступілі мінскі Дзяржаўны літаратурны музей Я. Купалы, які прадстаўляла спадарыня Марыя Барткова, і мясцовая каталіцкая парафія.

Навіны бібліятэк

Дата Дубоўкі

16 Ліп 2019

Часам, калі гаворка заходзіла пра дату і месца нараджэння слыннага беларускага паэта Уладзіміра Дубоўкі, адчуваўся пэўны сумніў адносна іх дакладнасці. Ці то дата не зусім тая, ці то месца нараджэння. У разнастайных біяграфічных даведніках пазначана наступнае: Уладзімір Дубоўка нарадзіўся 15 ліпеня 1900 года ў вёсцы Агароднікі. Каб развеяць сумненні і высветліць праўду, вырашылі праверыць гэтыя звесткі ў Нацыянальным гістарычным архіве, дзе, на шчасце, захаваліся метрычныя кнігі па Манькавіцкай царкве, да якой адносіліся памянёныя Агароднікі. Сумненні, як аказалася, былі недарэмныя.

Навіны бібліятэк

Атэстат Максіма Багдановіча

11 Ліп 2019

Зусім нядаўна супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча атрымалі электронныя копіі дакументаў з Цэнтральнага дзяржаўнага архіва горада Масквы. Вельмі цікавай падалася справа «Отчеты, копии протоколов испытательных комиссий, списки учеников, допущенных к испытанию зрелости Шуйской и Ярославской мужских гимназий в 1911 году» (ЦДАМ, фонд 459, вопіс 3, адзінка захавання 6223). Дакументы справы падрабязна асвятляюць апошнія дні вучобы ў Яраслаўскай мужчынскай гімназіі.

Навіны бібліятэк

Манюшка, Монюшко, Moniuszko… цяпер на трох мовах!

11 Ліп 2019

Віртуальны праект “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”, прысвечаны 200-годдзю з дня нараджэння нашага славутага земляка, стаў даступны на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Раман Матульскі: “Літаратура заўсёды розная. Тут галоўны суддзя, фільтр і крытэрый – гэта час”

12 Ліп 2019

Як бібліятэкі выбіраюць свой шлях развіцця і чаму літаратуры павінна быць многа, чытайце ў працягу гутаркі з дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раманам Сцяпанавічам Матульскім.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111