21 мая да 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў Цэнтры беларускай культуры ў Даўгаўпілсе адбылося адкрыццё фотавыставы “Беларусь: цудоўныя імгненні”, падрыхтаванай бібліятэкай сумесна з тэлеканалам “Беларусь 24”.
Фотавыстава арганізавана ў рамках традыцыйных Дзён беларускай культуры ў Даўгаўпілсе і складаецца з 20 работ вядомых беларускіх фатографаў. Экспазіцыя распавядае аб унікальнай культуры Беларусі, прыгажосці яе прыроды, дабрыні і жыццярадаснасці жыхароў. Беларусь паўстае прыгожай, разнастайнай і непаўторнай краінай са шматвяковай гісторыяй, помнікамі старажытнай культуры і архітэктуры, сучаснымі будынкамі і наватарскімі ідэямі.
Азнаёміцца з экспазіцыяй у Цэнтры беларускай культуры ў Даўгаўпілсе можна да канца лета, потым выстава адправіцца ў Беларускі дом у горад Ліепая – будучую культурную сталіцу Еўропы – 2027.
Матэрыял пададзены аддзелам сувязей з грамадскасцю.