З 19 па 23 сакавіка прайшла Усерасійская навукова-практычная канферэнцыя "Фонды бібліятэк у лічбавую эпоху: традыцыйныя і электронныя рэсурсы, камплектаванне і выкарыстанне", у рабоце якой прымала ўдзел супрацоўніца Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Арганізатарамі канферэнцыі, якая адбылася ў Санкт-Пецярбургу, выступілі Расійская бібліятэчная асацыяцыя, Расійская нацыянальная бібліятэка і НТЦ "Інформрэгістр" (Масква). Спонсарскую падтрымку аказалі выдавецкі дом "Універсітэцкая КНІГА" (Масква), галандскае выдавецтва ELSEVIER і Інфармацыйная служба Swets Information Services.
У канферэнцыі прынялі ўдзел спецыялісты ў галіне камплектавання бібліятэчных фондаў, бібліёграфы, інфармацыйныя работнікі, кіраўнікі бібліятэк і выдавецтваў, а таксама прадстаўнікі фірм-агрэгатараў інфармацыйных прадуктаў. Нацыянальную бібліятэку Беларусі прадстаўляла загадчыца сектара аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Тулупава А.В., якая выступіла з дакладам "Электронныя рэсурсы як інструмент задавальнення запытаў карыстальнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі".
На канферэнцыі абмяркоўваліся пытанні фармавання рынку электронных рэсурсаў у Расіі, праблемы камплектавання і выкарыстання электронных рэсурсаў у бібліятэках. Таксама ў рамках канферэнцыі ладзілася рабочая сустрэча ўдзельнікаў міжнароднага праекта "Віртуальная даведачная служба Карпарацыі ўніверсальных навуковых бібліятэк", у якім з 2008 года прымае ўдзел і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Пад час пасяджэнняў рабочай групы былі падведзены вынікі пяцігадовай працы, абмеркаваны метадычныя і тэхналагічныя аспекты выканання запытаў карыстальнікаў, унесены прапановы па аптымізацыі работы Віртуальнай службы.