28 лістапада ў Доме дружбы ў рамках круглага стала “Узбекістан – Беларусь: дружба, правераная часам” дырэктар Цэнтра народнай дыпламатыі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва Кабілжон Сабіраў перадаў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі электронную калекцыю твораў беларускіх пісьменнікаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Узбекістана імя Алішэра Наваі.
У збор увайшлі пераклады твораў Якуба Коласа, Янкі Брыля, Янкі Купалы, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Васіля Быкава на ўзбекскую мову, а таксама архіўныя матэрыялы пра беларуска-ўзбекскія адносіны.
Мерапрыемства было арганізавана Пасольствам Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь, Цэнтрам народнай дыпламатыі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і Мінскім гарадскім аддзяленнем Беларускага фонду міру да 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Узбекістанам і Беларуссю.
Удзельнікі круглага стала абмеркавалі дасягненні і перспектывы культурнай дыпламатыі нашай краіны, вопыт рэалізацыі міратворчых праграм Беларусі і Узбекістана, сумесныя праекты па ўвекавечанні памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны, беларуска-ўзбекскія праекты ў сферы літаратурнай творчасці і выдавецкай справы, уклад народнага паэта Беларусі Якуба Коласа ў збліжэнні народаў Беларусі і Узбекістана.
Нацыянальную бібліятэку Беларусі з Рэспублікай Узбекістан звязваюць даўнія цесныя ўзаемаадносіны. Сярод апошніх рэалізаваных сумесных праектаў варта адзначыць прэзентацыю інфармацыйна-ілюстрацыйнага праекта “Лясная песня” ў Нацыянальнай бібліятэцы Узбекістана імя Алішэра Наваі, а таксама перадачу беларускіх кніг у Залу ведаў Цэнтра народнай дыпламатыі ШАС у рамках міжнароднага праекта “Беларусь сёння”.
Матэрыял пададзены аддзелам сувязей з грамадскасцю.