25 лютага ў бібліятэцы прайшла першая экскурсія з цыкла “Славутыя імёны Бацькаўшчыны”, прысвечаная жыццю святой Еўфрасінні Полацкай. Першымі экскурсантамі сталі навучэнцы Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 7 будаўніцтва.
Экскурсія была праведзена ў рамках міжрэгіянальнай сеткавай акцыі па папулярызацыі чытання #ДниЯрославаМудрого, арганізатарам якой выступае Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк горада Яраслаўля. Акцыя праводзіцца штогод і заклікана спрыяць папулярызацыі чытання. Нацыянальная бібліятэка і ліцэй № 7 будаўніцтва ўдзельнічаюць у акцыі ўжо другі год.
Часткай экскурсіі сталі інтэрактыўныя заняткі, падчас якіх ліцэісты змаглі ўзбагаціць свае веды пра жыццё Еўфрасінні Полацкай і яе вялікіх продкаў, нашчадкаў кіеўскага князя Уладзіміра і полацкай князёўны Рагнеды. Экскурсантам была прапанавана прэзентацыя, тэматычныя гульні і віктарыны, а таксама кніжная выстава. Навучэнцы змаглі дакрануцца да дакументаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, у тым ліку кніг XIX – пачатку XX стагоддзя: Жыція прападобнай Еўфрасінні Полацкай, выданняў розных гадоў “Слова пра паход Ігаравы”. Сярод іх – выпушчанае Нацыянальнай бібліятэкай факсіміле першага выдання паэмы 1800 года і самыя раннія пераклады “Слова...” на беларускую мову, зробленыя Янкам Купалам: празаічны (1919 года) і паэтычны (1921 года).
Запрашаем і вас на экскурсію, прысвечаную святой Еўфрасінні Полацкай. Гэта выдатная магчымасць папоўніць свае веды і дакрануцца да гісторыі.
Тэлефоны для запісу: (8 017) 293 29 66, 293 28 53.
Матэрыял пададзены экскурсійна-метадычным аддзелам.