21 кастрычніка адбылася экскурсія для пераможцаў інтэлектуальнай віктарыны “Мая Скарыніяна”, арганізаванай на старонках газеты “Звязда”.
Віктарына была прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, якое шырока адзначаецца сёлета. Публікацыі пад рубрыкай “На пачатку было слова” з’яўляюцца амаль у кожным нумары газеты. Чытачоў прываблівае асоба Францыска Скарыны. Адпаведна інтэлектуальны конкурс быў прысвечаны жыццю і творчасці першадрукара. Партнёрам у правядзенні тэматычнай “скарынаўскай” віктарыны на старонках беларускамоўнай газеты стала Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
Падчас экскурсіі па бібліятэцы пераможцы пазнаёміліся не толькі з архітэктурнымі асаблівасцямі знакамітага “дыяменту”, але і наведалі выстаўку “Францыск Скарына і яго эпоха”. Экскурсанты перанесліся ў тыя часы, калі кнігадрукаванне толькі зараджалася, пазнаёміліся з кніжнымі помнікамі ХV–XVII стагоддзяў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама прывезенымі з Германіі, Латвіі, Польшчы, Расіі, Славакіі і Славеніі. Асаблівую ўвагу прыцягнулі арыгінальныя выданні Францыска Скарыны, надрукаваныя ў Празе і Вільні ў 1517–1525 гг.