29 мая ў дзіцячым пакоі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прайшло забаўляльна-адукацыйнае мерапрыемства “Дадзім шар зямны дзецям!”, прысвечанае Міжнароднаму дню аховы дзяцей.
Бацькам была прадстаўлена пазнавальная прэзентацыя па гісторыі заснавання і святкавання Міжнароднага дня аховы дзяцей у свеце і ў нашай краіне, арганізавана экскурсія па кніжнай выстаўцы “Шчаслівы той, хто шчаслівы дома”.
Добра правялі час і юныя наведвальнікі дзіцячага пакоя. Дзеці ўзялі ўдзел у розных творчых спаборніцтвах: у мастацкім конкурсе “Забаўныя квакушкі” хлопчыкі і дзяўчынкі прадэманстравалі свае музычныя і танцавальныя здольнасці, а пераўвасобіцца ў знаёмых казачных персанажаў удзельнікам прадставілася магчымасць у конкурсе “Пантаміма”. У спартыўных конкурсах “Збі кеглі” і “Вадзіцелі” дзеці праявілі кемлівасць, спрыт і знаходлівасць. Самыя актыўныя і вясёлыя ўдзельнікі віктарын і конкурсаў атрымалі прызы.
Свята скончылася стварэннем каляровых далонек з паперы на імправізаваным зямным шары і маляваннем каляровым мелам на асфальце. Простыя абставіны, сяброўскія зносіны, а таксама разнастайнасць гульняў і конкурсаў зрабілі свята вясёлым і незабыўным.