29 верасня ў бібліятэцы прайшло ўрачыстае мерапрыемства “Міхаіл Грушэўскі – вядомы гісторык, будаўнік нацыі” з нагоды 150-годдзя з дня нараджэння гэтай выдатнай асобы.
Міхаіл Грушэўскі – украінскі дзяржаўны і палітычны дзеяч, гісторык і арганізатар украінскай навукі.
Падчас мерапрыемства, арганізаванага Нацыянальнай бібліятэкай сумесна з Пасольствам Украіны ў Рэспубліцы Беларусь, беларускія вучоныя і прадстаўнікі ўкраінскай грамадскасці расказалі гасцям вечара пра жыццё гэтага вядомага дзеяча, яго навуковую, палітычную і гісторыка-культурную спадчыну.
У сваю чаргу Нацыянальная бібліятэка Беларусі прадставіла тэматычную кніжную выстаўку, якая дапамагла зацікаўленым больш падрабязна даведацца пра Міхаіла Грушэўскага. У кніжнай экспазіцыі былі размешчаны яго навуковыя працы па гісторыі Украіны і ўкраінскага народа (як выдадзеныя ў пачатку стагоддзя, так і сучасныя перавыданні). Таксама тут можна было палюбавацца карцінамі з украінскімі пейзажамі, убачыць партрэты самoгa Грушэўскага і яго паплечнікаў.
Мерапрыемства прайшло ў музычным суправаджэнні ўкраінскага ансамбля “Криница”.