ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Паважаныя наведвальнікі!
Візіт дэлегацыі Міністэрства абароны РФ

"Бярозка": што, як, калі?

"Бярозка": што, як, калі?
Іншыя навіны

Часопіс "Бярозка" – літаратурнае выданне для школьнікаў сярэдняга і старэйшага ўзросту – пасля трохгадовай "перазагрузкі", праведзенай пад вокладкай часопіса "Маладосць", вяртаецца на ўзровень самастойнага існавання.


Патэнцыйны чытач ужо меў магчымасць прыгледзецца да “пілотнага” нумара, і не так доўга яму засталося чакаць першага перыядычнага. Пра падрабязнасці “вяртання” расказвае галоўны рэдактар “Маладосці” Святлана Дзянісава.

Што?..

– Што вярнула часопіс да самастойнага “жыцця”?
– Відаць, той самы час, які мінуў з моманту спынення яго асобнага існавання. Размова ідзе не пра што іншае, як пра рэбрэндынг выдання, а ён, натуральна, не мог адбыцца адразу – трэба было адысці ад старой версіі на пэўную адлегласць, каб убачыць нарэшце, што было яе слабымі месцамі, а чаго варта прытрымлівацца і надалей. Тры гады – дастатковы тэрмін для такой пераацэнкі. За гэты час узніклі ідэі, назбіралася шмат самых розных прапаноў і варыянтаў бачання – нам было з чаго выбіраць.

– Што застаецца ад папярэдняй “Бярозкі”?
– Гэта можна назваць не іначай як гордым словам “спадчына”. Нагадаю, што “Бярозка” стваралася ў 1924-м і за 90 гадоў, што прайшлі, займела аўтарытэт літаратурнага выдання для падлеткаў – бадай, адзінага такога ў краіне. Менавіта гэты блок – літаратурна-мастацкі – складае аснову і новай “Бярозкі”. Прычым у літаральным сэнсе: часопіс пачынаецца з “Вераска” – старонак творчасці дзяцей і падлеткаў, а завяршаецца тым, што напісалі дарослыя паэты і празаікі для нашых юных чытачоў і аўтараў, каб апошнія маглі не толькі чытаць, але і вучыцца пісаць так, каб іх пасля таксама чыталі. Зрэшты, задачу навучання літаратурнай працы ў “Бярозцы” вырашаюць рубрыкі “Практыкум” – “павучанні мэтраў”, так бы мовіць, ды яшчэ з хатнімі заданнямі, і “Бел. літ.” – добры дапаможнік не толькі вучням, але і настаўнікам, бо дзе яшчэ можна будзе ўбачыць твор школьнай праграмы, разабраны “па частачках” так, каб складанае для ўспрымання стала лёгкім і твор зрабіўся для вучня адкрыццём. Тым, хто хоча паспрабаваць сябе ў журналістыцы, прапанавана рубрыка “Школа журналістыкі”, прычым, гэта не майстар-клас, а “плацдарм” для самавыяўлення – “з месца ў кар’еру”. Тое ж можна сказаць і пра блок калумністыкі, матэрыялы якога падаюцца з прывабнымі “шыльдамі”: “Напішы, як … (імя, прозвішча вядомага літаратара) – і станеш аўтарам калонкі!”. Сутнасць у тым, што “Бярозка” ў ідэале павінна стаць выданнем, якое дзеці не толькі чытаюць, але і ствараюць. Кожны зацікаўлены падлетак мае поўнае права абвясціць сябе не тое што пастаянным аўтарам, але нават і вядучым пэўнай рубрыкі. Любы літаратурны, навуковы ці які заўгодна яшчэ гурток або проста школьны клас на чале з настаўнікам можа ўзяць на сябе місію дзяжурыць па нумары, любая школа краіны можа быць запісана ў клуб сяброў “Бярозкі” – і гэтым вельмі-вельмі ганарыцца. Менавіта пра такое нам, стваральнікам часопіса, марыцца кожны дзень.

Як?..

– Як збіраецеся зацікавіць тых, хто не піша сам, але любіць чытаць, прычым, пераважна па-беларуску?
– Для такіх хлопчыкаў і дзяўчынак у нас таксама распрацаваны цэлыя напрамкі. “Бярозка” збіраецца друкаваць матэрыялы на музычныя, “кіношныя”, спартыўныя, псіхалагічныя, навукова-папулярныя і нават кулінарныя тэмы. Апошняя, праўда, не адступаецца ад прынцыпаў літаратурнага выдання: наша “Гатавальня” прапануе рэцэпты страў, што сустракаюцца ў паэмах, раманах, паданнях. Праз увесь нумар парассыпаны кругляшы-“цікавосткі”, апошняя старонка – літаральна “Смешная”. Мяркую, што і папулярныя ў вучняў “галаваломкі” ў нас таксама знойдуць сабе месца. Адметнасць іх будзе ў тым, што яны адукоўваюць, а не толькі забаўляюць. Таму што, варта нагадаць, “Бярозка” – не звычайная чарговая друкаваная забаўка, якіх і без яе ў нашых шапіках дастаткова. “Бярозка”, як напісана на першай старонцы яе “пілота”, – гэта выданне для тых, хто ведае, “што дрэва без каранёў не расце”, хоча “рассунуць межы свайго свету” і мае патрэбу “атрымліваць веды, а не інфармацыю”. Часопіс дапаможа вырасці ўдзячным і карысным, добрым і, безумоўна, шчаслівым, як кожны самарэалізаваны чалавек.

– Як, на вашу думку, да часопіса паставяцца бацькі і настаўнікі?
– Першыя і другія мусяць быць зацікаўленымі, бо, напрыклад, у рубрыцы “Настаўніцкая на праслушцы” ў “пілоце” прадстаўлена размова на тэму трохкутніка “бацькі – вучань – настаўнік”. Гэта і сімвалічна, і даволі востра анансуе саму сутнасць рубрыкі – інтэрактыўны праект з настаўніцкімі краіны, закліканы даць вучням магчымасць пачуць тое, што гаворыцца настаўнікамі за зачыненымі дзвярыма. Гэтая рубрыка можа – пры ўзаемным жаданні падлеткаў і дарослых – стаць месцам канструктыўнага вырашэння самых розных праблем. Што яшчэ гаворыць пра карысць “Бярозкі” не толькі для дзяцей, але і для тых дарослых, якім яны неабыякавыя? Возьмем “Псі-факторыю” – старонкі, на якіх распавядаецца пра тое, як перастаць быць сарамлівым “лузерам” і зарабіць аўтарытэт хутка і назаўсёды; як не баяцца адказваць ля дошкі і рабіць гэта прыгожа; як вывучыць вершы на памяць хутка і без асаблівага напружвання… Мы шмат што зможам прапанаваць тым, хто захоча гэта ў сябе ўвабраць.

Калі?..

– Калі ж “Бярозка” пачне выходзіць самастойна?
– З наступнага, 2015, года кожны месяц, на 48-мі каляровых прыгожых старонках пад “сакавітай” вокладкай. Яна, дарэчы, прапануе сваю гісторыю. На “пілоце” адлюстраваны папяровы самалёцік – такія звычайна лётаюць па класе падчас перапынку або нават і на ўроках. Самалёцікам кіруюць пластылінавыя чалавечкі, якім, між іншым, трэба будзе даць імёны. Дык вось, гэтыя чалавечкі… З імі ўвесь час, на кожнай вокладцы нешта адбываецца. Як было б добра, калі б іх прыгоды не засталіся незаўважанымі…

Аўтар публікацыі: Любоў Вабішчэвіч.

Крыніца: газета “Звязда”

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам