4 верасня напярэдадні святкавання юбілею аднаго з самых старажытных гарадоў Беларусі адбыўся рэспубліканскі круглы стол “Брэст. 1000 гадоў гісторыі ў дакументах і матэрыялах”, арганізаваны Брэсцкай абласной бібліятэкай імя М. Горкага. Мерапрыемства сабрала вядомых вучоных-гісторыкаў, краязнаўцаў, спецыялістаў бібліятэк, архіваў, музеяў.
Выступленні ўдзельнікаў круглага стала былі цікавымі і разнастайнымі, прадстаўляючымі як агульную карціну тысячагадовай гісторыі Брэста, так і яе асобныя старонкі. Частка паведамленняў была прысвечана багатай гісторыка-культурнай спадчыне горада. Сярод дакладчыкаў: А.М. Вабішчэвіч, А.А. Гладышчук, Д.В. Лісейчыкаў, А.У. Унучак, В.В. Мароз, І.М. Чайчыц, У.М. Губенка, Г.Г. Карапузава і іншыя аўтарытэтныя навукоўцы і краязнаўцы-аматары.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Намеснік дырэктара па інфармацыйных рэсурсах Т.В. Кузьмініч прадставіла новы праект бібліятэкі, прысвечаны 1000-годдзю Брэста, у кантэксце віртуальнай рэканструкцыі дакументаў і матэрыялаў па рэгіянальнай гісторыі Беларусі. Загадчык навукова-даследчага аддзела бібліяграфіі І.У. Градоўкіна выступіла з паведамленнем “Брэсцкія выданні міжваеннага часу – гістарычныя сведкі эпохі”.
На круглым стале адбылася прэзентацыя электроннага мультымедыйнага выдання “1000-годдзе Брэста: праз прызму старадаўніх дакументаў”, якое Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала ў супрацоўніцтве з Брэсцкай абласной бібліятэкай і Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі. Была праведзена цырымонія перадачы кампакт-дыска установам культуры Брэсцкай вобласці, а таксама гісторыкам і краязнаўцам – даследчыкам гісторыі Брэста.
Праграма круглага стала
Матэрыял прадастаўлены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.