14 студзеня 2014 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі атрымала Пасведчанне аб акрэдытацыі навуковай арганізацыі.
18 снежня 2013 г. адбылося пасяджэнне камісіі па акрэдытацыі навуковых арганізацый, па выніках якога было прынята і зацверджана старшынямі Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь заключэнне аб акрэдытацыі ў якасці навуковай арганізацыі дзяржаўнай установы “Нацыянальная бібліятэка Беларусі”.
Адпаведна артыкулу 1 Закона Рэспублікі Беларусь ад 21 кастрычніка 1996 г. № 708-ХIII “Аб навуковай дзейнасці”, акрэдытацыя навуковай арганізацыі – гэта форма дзяржаўнага прызнання кампетэнтнасці юрыдычнай асобы ў выкананні навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх і доследна-тэхналагічных работ, якая праводзіцца адзін раз у пяць гадоў. Навуковай арганізацыяй па выніках акрэдытацыі можа быць прызнана юрыдычная асоба, якая ажыццяўляе выкананне навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх і доследна-тэхналагічных работ, адным з органаў кіравання якой у адпаведнасці з устаноўчымі дакументамі з’яўляецца вучоны (навукова-тэхнічны) савет і якая прайшла ва ўстаноўленым парадку акрэдытацыю навуковай арганізацыі.