9 лютага на ХХVI Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы адбылася прэзентацыя кнігі Ірыны Данеўскай “Багуслаў Радзівіл”, якую пераклала на беларускую мову Наталля Васільеўна Бабіна.
У мерапрыемстве ўзяў удзел пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім. ”Сёлета адзначаецца 450 гадоў Люблінскай уніі, – адзначыў ён. – Украіна і Беларусь уваходзілі ў вялікую дзяржаву – Рэч Паспалітую. Такія героі, як Багуслаў Радзівіл, адыгрывалі важную ролю ў гісторыі абодвух народаў і выклікаюць вялікую цікавасць.”
Творчасць пісьменніцы, кніга якой стала бэстсэлерам ва Украіне, прадставіў выдавец Андрэй Янушкевіч. Ірына Данеўская нарадзілася на Чарнігаўшчыне, мае эканамічную адукацыю. У выдавецтве “Вече” выйшлі дзве яе прыгодніцка-забаўляльныя кнігі “Битва за Францию” і “Путь к власти”.
Гістарычны раман “Багуслаў Радзівіл” – трэцяя, больш маштабная праца пісьменніцы, грунтоўнае літаратурнае пераасэнсаванне біяграфіі знанага дзеяча ВКЛ. Дванаццаць гадоў прысвяціла Ірына Данеўская свайму ўлюбёнаму герою, асобай якога яна захапілася яшчэ ў 9 класе сярэдняй школы, калі трэба было падрыхтаваць рэферат па гісторыі.
Галоўны герой кнігі – гістарычная асоба, палітык і военачальнік, каханак і дуэлянт, харунжы і вялікі канюшы Вялікага Княства Літоўскага. Багуслаў Радзівіл таксама ўзгадваецца ў рамане Генрыка Сянкевіча “Патоп”.
Кніга дазволіць чытачу наведаць Англію часоў рэвалюцыі, Францыю эпохі Рышэлье і Мазарыні, Галандыю, Бельгію, Германію, Аўстрыю, Малдавію і Рэч Паспалітую, перажыць разам з героем прыгоды на сушы і на моры, пабыць шкаляром, а затым і студэнтам універсітэта, пасяліцца ў вайсковым лагеры, прыняць удзел у баях і паядынках, бліжэй пазнаёміцца са славутымі асобамі сусветнай гісторыі. Распачынаецца кніга апісаннем дзіцячых гадоў Богуся ў доме яго дзядзькі і апекуна Крыштафа Радзівіла.
“Мой герой – харызматычная асоба, ён атрымаў адукацыю ў Еўропе, камунікаваў з каралямі, прынцамі і генераламі. Але я не імкнулася яго ідэалізаваць, паказвала станоўчыя і адмоўныя бакі. Я апрацавала шмат гістарычных хронік, сярод якіх “Аўтабіяграфія” Багуслава Радзівіла, вывучала яго палітычную і любоўную карэспандэнцыю, інструкцыі, якія ён даваў эканомам, шматлікія даследаванні аўтарства пераважна замежных гісторыкаў.
У першай кнізе Багуслаў – малады, жыццярадасны юнак, які спазнае свет і шукае сваё месца ў ім. Але з узростам герой сталее, пад уплывам жыццёвых абставін гартуецца ягоны характар. Кніга раскрывае чытачу незнаёмыя бакі гісторыі, паказвае яе з іншага ракурсу. У еўрапейскіх краінах гістарычны раман як жанр – сёння у топе продажаў,” – адзначыла пісьменніца.
Ірына Данеўская прызналася, што Багуслаў Радзівіл захапіў яе сваёй смеласцю, прыгажосцю, талентам, здольнасцю аб’ядноўваць у сабе супярэчлівыя рысы. У 50-я гады ХVII cтагоддзя, атрымаўшы ад Яна Казіміра пасаду генерала каралеўскай гвардыі, Багуслаў Радзівіл камандаваў палкамі ў войсках Кароны і Вялікага Княства, удзельнічаў у бітве пад Берастэчкам.
У сталыя гады ён праявіў сябе як мецэнат, збіральнік каштоўных рукапісаў і твораў мастацтва, заснавальнік кальвінісцкіх збораў і школ, складальнік рэлігійных гімнаў. Ён спрыяў забудове і развіццю Слуцка і Капыля, стаў заснавальнікам горада Жодзіна.
У прэзентацыі кнігі прыняў удзел пісьменнік Уладзімір Сіўчыкаў, ураджэнец Жодзіна. У 2009 годзе ён ажыццявіў выданне на беларускай мове “Аўтабіяграфіі” Багуслава Радзівіла. Спадар Уладзімір падзякаваў Ірыне Данеўскай за выдатную распрацоўку тэмы і пажадаў украінскай пісьменніцы поспехаў.
У наступным годзе будзе адзначацца 400-годдзе з дня нараджэння Багуслава Радзівіла, і беларускія чытачы змогуць пазнаёміцца з гэтай незвычайнай асобай у кнізе Ірыны Данеўскай “Багуслаў Радзівіл” на беларускай мове, якая ўжо ёсць у фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Аўтар публікацыі і фота: Эла Дзвінская.
Матэрыял апрацаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.