ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Унікальныя артэфакты Першай сусветнай вайны прадставілі ў Мінску
Ганкураўскую прэмію ўручылі за раман пра чатырнаццацігадовага падлетка

12 лістапада – 150 гадоў з дня нараджэння першай жанчыны-геолага Ганны Місуны

12 лістапада – 150 гадоў з дня нараджэння першай жанчыны-геолага Ганны Місуны
Іншыя навіны

Геалагічнымі даследаваннямі на тэрыторыі Беларусі займаліся многія вядомыя вучоныя – А.Э. Гедройц, П.А. Туткоўскі, А.П. Карпінскі і інш. Сярод іх была і Ганна Баляславаўна Місуна – вучоны-геолаг Беларусі і Расіі.

Яна нарадзілася ў 1868 г. у сядзібе Забалацце Лепельскага павета Віцебскай губерні (цяпер Полацкі раён Віцебскай вобласці) у сям’і збяднелага шляхціца. У 1887 г. скончыла прыватную польскую гімназію ў Рызе і некаторы час працавала там настаўніцай. Праз тры гады вярнулася на радзіму. Займалася самаадукацыяй: вывучала прыродазнаўства, вяла перапіску з Варшаўскім таварыствам даследчыкаў прыроды, збірала калекцыі насякомых і раслін Лепельшчыны, рыхтавала навукова-папулярныя артыкулы.

У 1893–1896 гг. Ганна вучылася на прыватных жаночых курсах у Маскве, дзе чыталі лекцыі вядомыя вучоныя А.П. Паўлаў, М.А. Мензбір, У.І. Вярнадскі, У.Д. Сакалоў і інш.

Вясной 1898 г. у Берліне ўдасканальвала веды ў групе вядомага гляцыёлага, прафесара Г. Гейнітца. У гэтым жа годзе ўдзельнічала ў экспедыцыі, якая займалася пошукамі жалезнай руды і каменнага вугалю на тэрыторыі Тульскай губерні.

У 1906 г. Г.Б. Місуна стала асістэнтам пры геалагічным кабінеце Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў, дзе чытала лекцыі па петраграфіі, палеанталогіі, гістарычнай геалогіі.

З 1919 г. працавала прыват-дацэнтам геалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта. Разам з У.Д. Сакаловым арганізавала першую ў Расіі школу жанчын-геолагаў. Яе вучаніцамі былі В.А. Варсаноф’ева, Д.М. Раузер-Чарнавусава, Т.А. Дабралюбава і іншыя знакамітыя вучоныя.

Асновай большасці навуковых прац Ганны Баляславаўны сталі даследаванні, атрыманыя пры палявых геалагічных работах. У 1898–1901 гг. яна самастойна вывучала рэльеф у басейнах Заходняй Дзвіны і Нёмана. З дапамогай выпадковых рабочых і галоўным чынам на ўласныя зберажэнні, а таксама на невялікія субсідыі Маскоўскага таварыства выпрабавальнікаў прыроды і Расійскага мінералагічнага таварыства, выканала вялікую даследчую працу. Яна дала навуковае тлумачэнне ледавіковага рэльефу Беларусі.

Першай у Расіі прапанавала методыку вывучэння канцавых марэн і краявых ледавіковых утварэнняў у цэлым, выявіла сярод чацвярцічных утварэнняў сляды некалькіх зледзяненняў. Вывучала геалогію цэнтральнай і заходняй Беларусі, лёсавыя адклады Навагрудскага ўзвышша, склала карту-даведнік будаўнічых матэрыялаў на значнай частцы тэрыторыі нашай краіны, праводзіла гідрагеалагічныя і геалагічныя пошукі ў Расіі.

З 17 вядомых навуковых работ даследчыцы 9 прысвечаны пытанням геалагічнай будовы Беларусі і прылягаючых тэрыторый Літвы і Польшчы. Сярод іх – “Материалы к изучению конечных морен Литовского края” (1898 ці 1899), “Конечная морена и устройство поверхности северо-восточной части Гродненской губернии” (1911), “Краткий очерк геологического строения Новогрудского уезда Минской губернии” (1914) і інш. У астатніх працах разглядаюцца пытанні геалогіі Крыма, Падмаскоўя і Калінінскай вобласці.

Ганна Баляславаўна Місуна з’яўлялася членам Усерасійскага мінералагічнага і Рускага палеанталагічнага таварыстваў, Таварыства імя М. Каперніка ў Львове. Доўгія гады была захавальніцай геалагічных калекцый Маскоўскага таварыства даследчыкаў прыроды. Яна выступала з дакладамі на навуковых канферэнцыях, у 1910 г. прымала ўдзел у рабоце Міжнароднага геалагічнага кангрэса ў Стакгольме.

Памерла Г.Б. Місуна 2 мая 1922 г. у Маскве. Пахавана на Новадзявочых могілках. У 2003 г. на радзіме даследчыцы і ў г. п. Ветрына (Полацкі раён Віцебскай вобласці) былі ўстаноўлены мемарыяльныя знакі. Імем першай жанчыны-геолага названы вуліцы ў Полацку і ў г. п. Ветрына.

Таксама інфармацыю па тэме можна знайсці ў фактаграфічнай базе даных “Беларусь у асобах і падзеях”.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам