ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Бібліяграфія – нясумная навука
Каштоўнае выданне твораў У. Дубоўкі нарэшце ў алічбаваным выглядзе

10 цікавостак пра Музей Плантэна-Марэтуса

10 цікавостак пра Музей Плантэна-Марэтуса
Іншыя навіны

Нацыянальная бібліятэка Беларусі мае свой музей кнігі і вывучае гісторыю музеяў кніжнай культуры ў свеце. Прапануем “вандроўку” ў самы старадаўні музей кнігі ў Еўропе – Музей Плантэна-Марэтуса.

Сёлета выдатнаму друкару Крыстафу Плантэну спаўняецца 500 гадоў. Друкарня, заснаваная ім у Антверпене, сёння з’яўляецца музеем, які захоўвае, даследуе і папулярызуе спадчыну пра вялікага друкара. Музей Плантэна-Марэтуса – гэта трыста гадоў кнігадрукавання і сямейнай гісторыі.

У 1555 годзе Крыстаф Плантэн заснаваў друкарню, якая стала адной з вядучых у Еўропе і працавала больш за тры стагоддзі. За 34 гады дзейнасці Плантэн выпусціў амаль 2 000 кніг на розных мовах! Кнігі адрозніваліся высокай паліграфічнай якасцю, бездакорнай дакладнасцю тэкстаў і вытанчанасцю мастацкага афармлення. Пасля смерці Крыстафа Плантэна ў 1589 годзе працу працягнула яго сям’я. Нашчадкі Плантэна не толькі падтрымалі на высокім узроўні друкарскую справу, але і збераглі дакументальную памяць пра заснавальніка. З 1877 года цалкам захаваная друкарня з друкарскім абсталяваннем з’яўляецца музеем.

У 2005 годзе Музей Плантэна-Марэтуса ў Антверпене стаў першай музейнай установай, уключанай у пералік сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Музей – рэдкая крыніца інфармацыі пра сямейную дынастыю друкароў, культурную, сацыяльную і прамысловую гісторыю горада. Музей унікальны, бо аб’ядноўвае ў сабе жылы дом і старадаўнюю друкарню. Дом дайшоў да нашых дзён у рэдкай захаванасці і адносіцца да архітэктурных шэдэўраў. Ансамбль будынка складаецца з некалькіх пабудоў, злучаных адна з адной, і ўтульнага ўнутранага дворыка.

10 цікавостак пра Музей Плантэна-Марэтуса

1. Самы старадаўні музей кнігі ў Еўропе. У 1876 г. апошні ўласнік друкарні Эдвард Марэтус прадаў гістарычны будынак фірмы разам з даўнейшымі друкаванымі станкамі і шрыфтамі ўраду горада Антверпена. Ужо праз год прадпрыемства было хутка пераўтворана ў музей і адчынена для наведання.

2. Падчас Другой сусветнай вайны музей не працаваў. Бібліятэка і ўсе каштоўныя прадметы былі сабраны ў велізарную колькасць куфраў. Першапачаткова яны захоўваліся ў замку Лаво-Сент-Ан, а потым іх перамясцілі ў падвалы Нацыянальнага банка ў Бруселі. У 1945 г. музейны комплекс ледзь пазбег поўнага разбурэння. Усходняе крыло музея было моцна пашкоджана ад выбухаў бомбы. З 1947-га адбываліся рэстаўрацыйныя работы. У 1951 г. адноўлены комплекс з экспазіцыяй зноў быў адчынены для наведвальнікаў.

Planten-Maretus-1.jpg

3. У 1992–1993 гг. у двары дома быў створаны “батанічны сад” з раслінамі і травамі, якія вырошчваліся ў канцы XVI – пачатку XVII ст.

Planten-Maretus-2.jpg

Двор упрыгожаны бюставымі скульптурамі XVII–XX стст. знакамітых жыхароў дома. У цэнтры – бюст Крыстафа Плантэна.

Planten-Maretus-3.jpg

4. Калекцыя жывапісу музея ўключае 151 твор, у тым ліку 71 партрэт. Трэці кіраўнік друкарні Бальтазар I Марэтус папрасіў свайго сябра дзяцінства Пітэра Паўля Рубенса напісаць партрэты прадстаўнікоў сям’і. У 1612–1616 гг. па замове Рубенс стварыў 12 партрэтаў. Частка партрэтаў знаходзіцца ў музейнай экспазіцыі. Наведвальнікам можна прысесці каля каміна, спакойна разгледзець сямейныя партрэты і адчуць атмасферу дома.

Planten-Maretus-4.jpg

Цэнтральны экспанат – Партрэт Крыстафа Плантэна, напісаны Пітэрам Паўлем Рубенсам.

Planten-Maretus-5.jpg

Рубенс пісаў партрэт пасля смерці Крыстафа Плантэна. Для стварэння партрэта ён выкарыстаў ранейшы твор, напісаны пры жыцці Плантэна ў 1584 г., які таксама захоўваецца ў музейнай калекцыі. На палотнах друкар трымае кнігу і цыркуль, які з’яўляецца часткай лагатыпа друкарні.

Planten-Maretus-6.jpg

Музей называецца Музей Плантэна-Марэтуса, таму што пасля Крыстафа Плантэна друкарня перайшла да зяця Яна Марэтуса, якога таксама напісаў вялікі Рубенс.

Planten-Maretus-7.jpg

5. Пітэр Паўль Рубенс быў мастаком друкарні, які не толькі стварыў партрэты, а таксама афармляў кніжныя франтыспісы, тытульныя аркушы і рабіў ілюстрацыі.

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі захоўваецца кніга з гравіраваным тытульным аркушам (медзярыт) па эскізе Рубенса. Гравёр – Карнэліс Гале. Аўтар кнігі – Мацей Казімір Сарбеўскі (1595–1640), паэт, філосаф і тэарэтык літартуры. Ён выкладаў у Полацкім езуіцкім калегіуме, Нясвіжскім езуіцкім калегіуме і Віленскай езуіцкай акадэміі. Сарбеўскі вядомы як выдатны лацінамоўны паэт. Доўгі час вершы Сарбеўскага вывучаліся ў еўрапейскіх навучальных установах XVІІ–XІX ст. як дасканалы ўзор новалацінскай паэзіі. Найбольш славутым яго выданнем лічыцца “Lyricorum libri IV”, якое было надрукавана ў друкарні Плантэна ў 1632 г. і выйшла пяцітысячным накладам.

Planten-Maretus-8.jpg

6. Пазнаць плантэнаўскія выданні даволі лёгка: па друкарскай марцы “Залаты цыркуль”. Выява змяшчалася ў кнігах, творах мастацтва і аздабленні дома. У музеі для юных наведвальнікаў нават прапануецца квест – знайсці і зафіксаваць усе “цыркулі” ў музейнай прасторы. А іх тут дзясяткі! Ужо пры ўваходзе на будынку змешчана скульптура 1640 г. з выявай выдавецкай маркі.

Planten-Maretus-9.jpg

Яркая шыльда ў экспазіцыі з выявай маркі створана ў XIX–XX стст. У цэнтральнай часцы – рука, якая апускаецца з аблокаў і трымае цыркуль, і надпіс “Labore et constantia” (“Праца і пастаянства”). Прамая і нерухомая ножка цыркуля ўвасабляе пастаянства, рухомая – працу.

Planten-Maretus-10.jpg

І, вядома, выдавецкая марка “Залаты цыркуль” размяшчалася ў кнігах: на тытульным аркушы альбо ў канцы кнігі. Першапачатковы варыянт маркі быў лаканічны, але паступова яе дызайн ускладняўся і да асноўнай часткі дадаваліся розныя ўпрыгожанні. Амаль кожная выява маркі адметная сваімі дэкаратыўнымі элементамі, і для кожнай стваралася асобная дошка.

Planten-Maretus-11.jpg

У слаўным выдавецтве Плантэна-Марэтуса ў Антверпене пры жыцці аўтара была надрукавана знакамітая “Перэгрынацыя” Мікалая Радзівіла Сіроткі. Гэта было другое выданне на лацінскай мове (першае выйшла ў Бранева, 1601). У фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі маецца асобнік, адметнасць якога ў тым, што ён паходзіць з Нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў. На апошнім аркушы асобніка змешчана выдавецкая марка.

Planten-Maretus-12.png

7. Пры друкарні існавала кнігарня, якая арыентавалася на рознічны гандаль. Кнігі прадаваліся тут без пераплёту. Каб кнігі былі пераплецены, кліент мусіў скарыстацца паслугамі пераплётчыка. І сёння кнігарня з прылаўкам і шафамі па-ранейшаму цалкам абсталявана для продажу кніг – аж да грашовых вагаў для праверкі срэбных і залатых манет.

8. Бібліятэкай карысталіся ўсе супрацоўнікі друкарні. Прадукцыя канкурэнтаў дапамагала карэктарам і друкарам падрыхтаваць новыя выданні на высокім навуковым і паліграфічным узроўні. Сёння ў бібліятэцы захоўваецца каля 25 000 кніг, надрукаваных да 1800 г., у тым ліку 36-радковая Біблія Гутэнберга. Гэта адзін з 14 асобнікаў, якія захаваліся ў свеце. У музейнай прасторы бібліятэка арганізавана як гуманістычная прыватная бібліятэка XVII стагоддзя. З высокімі паліцамі, запоўненымі кнігамі, размешчанымі ў адпаведнасці з фарматам, стэндамі для чытання, глобусамі і бюстамі. Гіпсавыя бюсты на кніжных паліцах – выявы грэчаскіх і рымскіх навукоўцаў і імператараў. У цэнтры музейнай залы прадстаўлены шэдэўр друку Плантэна – васьмітомная “Біблія паліглота”, у якой тэкст Бібліі выкладаецца на пяці мовах.

Planten-Maretus-13.jpg

9. У Музеі захоўваюцца самыя старыя ў свеце друкарскія станкі, у тым ліку два варштаты канца XVI ст. Пяць прэсаў, якія захаваліся з XVII і XVIII стагоддзяў, ўсё яшчэ ў працоўным стане. Калекцыя гравіравальных дошак налічвае 14 000 і з’яўляецца самай вялікай у свеце. Калекцыя гравюр налічвае больш за 20 000 твораў і прысвечана мастакам Антверпена з 1500 года па сённяшні дзень. Багатыя архівы XVI–XX стст. расказваюць пра паўсядзённае жыццё друкарні, дома і людзей, якія тут жылі і працавалі.

Planten-Maretus-14.jpg

10. Музей прапануе сваім наведвальнікам цікавыя праграмы для рознага ўзросту. Тут можна самому надрукаваць тэкст і гравюру на старадаўнім варштаце або на музейных занятках выразаць цацачнага Крыстафа Плантэна з жонкай.

Planten-Maretus-15.jpg

Музей мае сваю чытальную залу і анлайн-каталог, у якім адлюстраваны ўсе калекцыі музея.

На працягу года ў Антверпене адбываліся навуковыя мерапрыемствы і папулярныя акцыі да 500-годдзя Крыстафа Плантэна, у тым ліку светавое шоу на фасадзе будынка Музея.

Planten-Maretus-16.jpg

Нацыянальная бібліятэка Беларусі таксама адзначала юбілей нідэрландскага друкара і сёлета падрыхтавала наступныя матэрыялы:

Матэрыял падрыхтавала Таццяна Сапега, загадчыца сектара навукова-праектнай работы навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства.

Фота выкарыстаны з партала Музея Плантэна-Марэтуса, электроннага каталога Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і з архіва аўтара.

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам