13 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося адкрыццё выстаўкі “Карункавая гісторыя”.
Выстаўка прадстаўляе работы, выкананыя творчым тандэмам Генадзя і Святланы Вяль. Мастакі скончылі мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута і ўжо больш за 40 гадоў ідуць поруч і ў прафесіі, і ў творчасці, і па жыцці. Майстра эстампа, малых форм графікі Генадзя і майстрыху ручнога мастацкага ткацтва і выцінанкі Святлану аб’ядноўвае і тое, што абое прысвяцілі жыццё навучанню юных берасцейцаў асновам выяўленчага мастацтва.
У экспазіцыі Генадзь і Святлана Вяль прадстаўляюць экслібрысы і графіку, выцінанкі і габелены. Кожны твор – асобная старонка агульнай карункавай гісторыі брэсцкіх мастакоў. Мастацтва як экслібрыса, так і выцінанкі імкнецца захоўваць старажытныя традыцыі, спалучаць іх з сучаснымі аўтарскімі вынаходкамі. Генадзь Вяль працуе ў розных тэхніках – афорт, акватынта, сухая іголка, акварэль. Выразная, адметная манера робіць прадстаўленыя на выстаўцы сюжэтныя экслібрысы пазнавальнымі. Работы Святланы Вяль уражваюць чароўным спляценнем фантазіі, глыбокай сімвалічнасцю. Кветкі, птушкі, анёлы поўняцца лірычным настроем, цеплынёй, яскравасцю фарбаў і акцэнтаў.
З прывітальным словам выступіла генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аксана Кніжнікава. Экспертным меркаваннем аб прадстаўленых работах падзяліліся старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, доктар мастацтвазнаўства Яўген Сахута, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў, мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч і сябра Беларускага саюза мастакоў, мастак-графік Віктар Саўчанка.
Сябра Беларускага саюза мастакоў, мастак-графік Генадзь Вяль і сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, майстра выцінанкі і ручнога ткацтва Святлана Вяль выказалі шчырую ўдзячнасць Нацыянальнай бібліятэцы за магчымасць выставіць свае работы і ўсім прысутным за цёплыя словы і пажаданні натхнення ў творчасці, уручылі памятны падарунак бібліятэцы – гравюру “Берасцейская (Радзівілаўская) Біблія. 1563. Вяртанне”.
“Карункавая гісторыя” – пастаронкавы аповед аб шчырым захапленні культурай і літаратурай, аб аматарах кнігачытання, кніжных знакаў і ўладальніках бібліятэк, аб нацыянальных беларускіх вобразах, традыцыях і традыцыйных рамёствах, дружбе, каханні, веры і надзеі.
Наведаць выстаўку можна да 20 лістапада 2022 года.
Дата яе заканчэння можа быць зменена.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон: (8 017) 368 37 37.
Матэрыял пададзены аддзелам сувязей з грамадскасцю.