18 лістапада ў галерэі “Ракурс” адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі пленэрных работ навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. Глебава і прэзентацыя каталога “Пленэр 2013–2014”.
На выстаўцы, арганізаванай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжам імя А Глебава, прадстаўлена больш за 40 пленэрных студэнцкіх работ за апошнія два гады.
“Сёння мы падводзім вынік пленэраў за 2013–2014 гады. За гэты час навучэнцы былі ў Карпатах, Балгарыі, з’ездзілі ў Польшчу і многія знакавыя месцы Беларусі”, – расказаў дырэктар Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. Глебава Аляксандр Шантаровіч і падзякаваў людзям, з дапамогай якіх гэтыя пленэры адбыліся.
Заняткі выяўленчым мастацтвам у прыродным асяроддзі ствараюць жывую творчую атмасферу. Выконваючы эцюды, навучэнцы павышаюць узровень прафесійнай актыўнасці і самастойнасці, ступень развіцця мастацкай ініцыятывы. Пад час правядзення пленэраў навучэнцы каледжа раскрываюць новыя грані сваіх магчымасцей, адчуваючы іншы рытм жыцця, бачаць незвычайнае ў кожным імгненні, дакранаюцца да прыроды і гісторыі.
Па словах вядучага спецыяліста аддзела ўстаноў адукацыі і работы з творчай моладдзю Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Васіля Галавана, значная частка выпускнікоў каледжа паспяхова працуе скульптарамі, мастакамі, дызайнерамі. “Спадзяюся, каледж і далей будзе ўносіць значны ўклад у развіццё нашай нацыянальнай культуры”, – сказаў ён.
З адкрыццём выстаўкі ўстанову павіншавалі і прадстаўнікі іншых арганізацый. Урачысты настрой сустрэчы падтрымаў струнны квартэт пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
Тэлефоны для даведак: (8 017) 293 27 56, 293 28 33.
Е-mail: pr@nlb.by