ГалоўнаяНавіныМастацкія выстаўкі
Казахстанска-беларуская канферэнцыя
Маладзёжны агітмарафон

Выстаўка Марыны Капілавай

Выстаўка Марыны Капілавай
Іншыя навіны

25 сакавіка ў галерэі “Атрыум” адбылося адкрыццё персанальнай выстаўкі літаграфіі і дэкаратыўнай пластыкі Марыны Капілавай.


Экспазіцыя, арганізаваная Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з галерэяй графікі “Кніжны салон”, прадставіла на суд гледачоў трыццаць літаграфій і трыццаць дэкаратыўных упрыгажэнняў з металу. Як адзначыла аўтар твораў, выстаўка не адбылася б без дапамогі яе калегі па цэху Дзмітрыя Малаткова. “Усе, што вы тут сёння бачыце, мы зрабілі разам”, – сказала Марына Капілава.

Старшыня Саюза мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца не падтрымаў сціпласць прафесіянала і назваў яе “мастаком ад Бога”. “У наш час многія называюць сябе мастакамі, а знайсці сапраўднага – праблема. Такія людзі, як Марына, дораць свята і вялікую радасць!” – сказаў ён.

Літаграфія і скульптура – прыярытэтныя ў апошнія гады кірункі ў творчасці Марыны Капілавай. Кожны з жанраў, у якім працуе мастачка, прадстаўлены важкім зборам твораў. Дыяпазон яе творчых інтарэсаў распасціраецца ад антычнай міфалогіі да дызайнерскай стылізацыі.

Марына Капілава скончыла ў 1980 годзе аддзяленне дызайну прамысловага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (сёння – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Дэкаратыўныя ўпрыгожанні з металу з выкарыстаннем іншых разнастайных матэрыялаў – прадмет асобага захаплення яе талентам. А сваім поспехам у жанры літаграфіі мастачка абавязана вядомаму майстру-друкару Дзмітрыю Малаткову, бо за гады творчага супрацоўніцтва з ім Капілава стварыла звыш 100 літаграфій. Склаліся цэлыя тэматычныя цыклы, прысвечаныя антычнай міфалогіі, работы на тэму біблейскіх сюжэтаў, серыя рамантычных фантазій.

Графічныя работы творцы былі прадстаўлены ўлетку 2014 года на Другой міжнароднай трыенале графічнага мастацтва “Белыя інтэр-ночы” ў Санкт-Пецярбургу.

Выстаўка Марыны Капілавай будзе дэманстравацца да канца красавіка.

Тэлефоны для даведак: (8 017) 293 27 56, 293 28 33.

Навіны
Бібліятэкарам