8 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы адбыўся вечар памяці вядомага беларускага мастака-кераміста, скульптара, жывапісца Мікалая Лаўрэнцьевіча Несцярэўскага.
На адкрыцці мерапрыемства загадчык аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Ірына Якаўлеўна Васільковіч шчыра павітала прысутных і адзначыла, што творы мастака выклікаюць у гледачоў вялікую цікавасць і толькі пазітыўныя пачуцці. Кожная карціна нібыта дзеліцца з намі тымі ідэямі і кодамі дабра і любві, якія ўклаў у свае працы аўтар.
Цёплымі ўспамінамі пра выдатнага творцу падзяліліся намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў, мастак-графік Андрэй Уладзіміравіч Басалыга, дырэктар Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея з 1985 па 2009 г. Фёдар Фёдаравіч Красюк. Сын мастака Сяргей Мікалаевіч Несцярэўскі распавёў пра жыццёвы і творчы шлях бацькі, а таксама пра сувязь Мікалая Лаўрэнцьевіча з Дзятлаўшчынай, дзе прайшлі яго юнацкія гады і маладосць.
У межах мерапрыемства адбылася прэзентацыя каталога “Мікалай Лаўрэнцьевіч Несцярэўскі. «Я яшчэ не усё зрабіў…». Кераміка. Жывапіс. Скульптура”, у якім прадстаўлены творы, біяграфія, думкі-разважанні мастака, яго дзённік успамінаў “Мая дарога”, асабістыя фотаздымкі з уласнага архіва і ўспаміны сваякоў. Выданне падрыхтавана Дзятлаўскім дзяржаўным гісторыка-краязнаўчым музеем. Дырэктар установы Вольга Мікалаеўна Цюшляева перадала каталог у дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Таццяна Васільеўна Кузьмініч падзякавала за каталог і запэўніла, што выданне знойдзе годнае месца не толькі ў чытальных залах бібліятэкі, але і папоўніць фонды іншых рэспубліканскіх бібліятэк.
Старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея Алена Рыгораўна Абрамчык зачытала ўласны верш, прысвечаны мастаку.
Напрыканцы ўдзельнікі вечарыны пазнаёміліся з экспазіцыяй “Беларусь. Асобы”, прымеркаванай да Года народнага адзінства. На выстаўцы прадстаўлены цудоўныя работы Мікалая Лаўрэнцьевіча – пейзажы беларускага наваколля ўвосень і ўзімку, неабсяжныя прасторы пад летнім сонцам і вясенняя прахалода, а таксама керамічныя партрэты дзеячаў беларускай культуры і гісторыі.
Мікалай Несцярэўскі – беларускі мастак, вядомы барэльефнымі партрэтамі легендарных для Беларусі асоб, кераміст, скульптар, аўтар шчымлівых, нібы дэкаратыўных, жывапісных пейзажаў і класічна вывераных нацюрмортаў. Працаваў у паркавай скульптуры, афармляў інтэр'еры грамадскіх будынкаў. Мікалай Лаўрэнцьевіч – аўтар дэкаратыўных пано і скульптур, якія ўпрыгожваюць станцыю метро “Плошча Якуба Коласа” ў Мінску.
Работы Несцярэўскага экспануюцца і захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях Беларусі і за мяжой. Творчасць мастака, яго шматгранны талент адзначаны шэрагам узнагарод, у ліку якіх – медаль Беларускага саюза мастакоў “За заслугі ў выяўленчым мастацтве”.
Мікалай Лаўрэнцьевіч Несцярэўскі пайшоў з жыцця 25 сакавіка 2021 г.
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам сувязей з грамадскасцю.