ГалоўнаяНавіныМастацкія выстаўкі
Пасяджэнне Савета бібліятэк Беларусі па інфармацыйным узаемадзеянні
Творчыя заняткі “Мышкіна радасць”

У бібліятэцы пачала працу выстава “ДЭКАРТ-22”

У бібліятэцы пачала працу выстава “ДЭКАРТ-22”
Іншыя навіны

15 лістапада ў галерэі “Лабірынт” адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы памяці вядомых мастакоў па тэкстылі Алы Непачаловіч, Уладзіміра Лісавенкі і Ларысы Густавай у рамках V Трыенале дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў “ДЭКАРТ-22”.

У экспазіцыі прадстаўлена каля 50 габеленаў і шпалер вядомых беларускіх мастакоў, якія пайшлі з жыцця ў мінулым годзе, але зрабілі надзвычайны ўнёсак у беларускае дэкаратыўнае мастацтва. Іх роля ў развіцці беларускай школы тэкстылю і габелена незабыўная.

Вядомы майстар класічнага беларускага габелена Ларыса Мікалаеўна Густава (1947–2021) належала да пакалення мастакоў-тэкстыльшчыкаў, выпускнікоў Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, з якім звязана адраджэнне нацыянальных традыцый ткацтва і тэхнікі габелена ў 1970–1980-х гадах – знакавым перыядзе для нашага мастацтва.

Адна з улюбёных тэм Ларысы Густавай – пейзаж з сімвалічнай трактоўкай прыроднага матыву, дэкаратыўным, умоўным малюнкам. Часта аснову кампазіцыі складалі звычайныя кветкі, травы, дрэвы, птушкі, жывёлы, але яны былі пададзены аўтарам адухоўлена і ідэалізавана. І ў манументальных, і ў камерных працах нязменнымі былі эмацыянальная інтанацыя, жыццесцвярджальны аптымізм і лірыка, якія раскрываюць пачуцці і думкі аўтара, яго жаданне ўвесці гледача ў творчы працэс суперажывання.

Выразныя, вобразныя творы Уладзіміра Іванавіча Лісавенкі (1959–2021) – рэльефныя, аб’ёмныя габелены з выкарыстаннем не толькі ткацтва, але і джынсавай тканіны (джута), з уключэннямі ў палатно рознафактурных нітак. Для мастака джынсы не толькі сімвал маладосці, але і фактурны матэрыял, больш чым проста вопратка. Аднойчы ён сказаў: “Джынсы – гэта для майго пакалення было ўсё. Я проста гэтыя старыя штаны запускаю ў вечнае жыццё. Сотні джынсаў сяброў, знаёмых і, вядома, свае, якія нясуць у сабе пэўную энергетыку, старыя джынсы, якія маглі стаць проста рыззём і быць выкінутыя, ператвараюцца ў габелены”.

Ала Іванаўна Непачаловіч (1951–2021) зрабіла неацэнны ўклад у дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі. Шмат гадоў яна выкладала на кафедры народнай творчасці і рамёстваў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, была ўдастоена звання лаўрэата ІІ Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва за свае тэкстыльныя кампазіцыі. Яе габеленамі ўпрыгожаны Палац Незалежнасці і Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Гродзенскі драматычны тэатр і Магілёўскі абласны палац культуры. Яе творы захоўваюцца ў большасці буйных музеяў Беларусі і радуюць гледачоў у шматлікіх краінах свету – ад Венгрыі да Казахстана.

У адкрыцці экспазіцыі ўзялі ўдзел генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аксана Кніжнікава, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў, мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч, старшыня секцыі тэкстылю Беларускага саюза мастакоў Вольга Раднікіна, беларуская мастачка па тэкстылі, сябра секцыі тэкстылю Беларускага саюза мастакоў Галіна Крываблоцкая, беларуская мастачка-керамістка, сябра секцыі дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў Наталля Яўглеўская, беларуская мастачка па тэкстылі, сябра секцыі тэкстылю Беларускага саюза мастакоў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Валянціна Бартлава.

Работы прадстаўлены з асабістых калекцый сем’яў мастакоў і Нацыянальнага мастацкага музея.

Арганізатарамі выстаўкі выступілі Нацыянальная бібліятэка Беларусі сумесна з Беларускім саюзам мастакоў.


Выставачны праект будзе працаваць да 14 сакавіка 2023 года.
Дата яго заканчэння можа быць зменена.

Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 368 37 37.

Матэрыял пададзены аддзелам сувязей з грамадскасцю.

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам