11 красавіка ў галерэі "Панарама" адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі творчых работ выкладчыкаў Мінскага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава "Поліфанія".
Нацыянальная бібліятэка Беларусі ўжо ў другі раз прымае ў сваіх сценах творчыя работы выкладчыкаў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава.
У экспазіцыю ўвайшлі творы жывапісу, графікі і скульптуры розных гадоў, аўтарамі якіх з’яўляюцца тыя выкладчыкі каледжа, што працуюць у ім сёння. У выстаўцы прымаюць удзел розныя пакаленні мастакоў: больш сталыя і вопытныя – В. Кульваноўская, А. Хартановіч, С. Чэпік – і тыя, хто прыйшоў працаваць у каледж зусім нядаўна, амаль адразу пасля атрымання дыплома прафесійнага мастака – М. Гарахавік-Лабуда, Ю. Брэль, А. Карпянкоў, В. Качэня і інш.
На адкрыцці выстаўкі выступілі першы намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па абслугоўванні карыстальнікаў і ідэалогіі Алена Далгаполава, загадчык аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці, старшыня Міжнароднай гільдыі жывапісцаў Фёдар Ястраб, дырэктар Мінскага дзяржаўнага каледжа імя А.К. Глебава Аляксандр Шантаровіч, выкладчык спецыяльных дысцыплін каледжа Андрэй Карпянкоў. Навучэнцы Мінскага музычнага каледжа імя М.І. Глінкі выканалі для наведвальнікаў музычныя кампазіцыі.
Выстаўка “Поліфанія” мае вялікае значэнне і для навучэнцаў мастацкага каледжа. Успрыняцце выкладчыкаў праз прызму іх творчасці садзейнічае паляпшэнню ўзаемаразумення і прадуктыўнаму творчаму супрацоўніцтву.
Уваход на выстаўку платны, складае кошт наведвання агляднай пляцоўкі.
Чытайце таксама:
Выстаўка, прысвечаная 60-годдзю Мінскага дзяржаўнага мастацкага вучылішча імя А.К. Глебава