14 лютага ў галерэі “Панарама” адкрыўся мастацкі праект выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка “Сучаснасць мастацтваў”.
За дваццаць гадоў працы кафедра мастацка-педагагічнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка прафесійна падрыхтавала і выпусціла вялікую колькасць педагогаў-мастакоў. Педагог-мастак – гэта перш за ўсё і ў найвялікшай ступені Мастак. Творчы патэнцыял, разнастайнасць поглядаў, ідэй… Для яго, як і для яго вучняў, найважнейшай патрэбай з’яўляецца імкненне да творчага “выказвання”. Яго педагагічная паспяховасць абапіраецца на яго ўласную творчую плённасць і на запатрабаванасць сярод вучняў, калег, спецыялістаў, аматараў яго творчасці, а таксама гледачоў.
Захаванне традыцый і правіл класічнага выяўленчага мастацтва, у той жа час – рух наперад, уключэнне ў рытм жыцця вялікага горада, пошукі чагосьці новага. Гэтыя кірункі дзейнасці кафедры адбіліся ў мастацкіх творах, прадстаўленых на выстаўцы. Дыяпазон творчых магчымасцей выкладчыкаў кафедры мастацка-педагагічнай адукацыі вельмі разнастайны: жывапіс, графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, дызайн адзення і графічны дызайн. Большасць аўтараў з’яўляюцца членамі нацыянальных творчых саюзаў, такіх як Беларускі саюз мастакоў, Беларускі саюз дызайнераў, Саюз майстроў народнай творчасці Беларусі.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел загадчык аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вольга Давідовіч, выконваючы абавязкі загадчыка кафедры мастацка-педагагічнай адукацыі БДПУ, дацэнт, член Беларускага саюза дызайнераў Павел Кашэўскі, прафесар кафедры мастацка-педагагічнай адукацыі БДПУ, член Беларускага саюза мастакоў, член Студыі ваенных мастакоў Міністэрства абароны Георгій Лойка, старшы выкладчык кафедры мастацка-педагагічнай адукацыі БДПУ, член Беларускага саюза мастакоў Леанід Данэлія, прафесар кафедры кіравання і эканомікі адукацыі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, член Беларускага саюза мастакоў Любоў Раманенка.
З 15 лютага ўваход на выстаўку платны – складае кошт наведвання агляднай пляцоўкі.
Тэлефоны для даведак: (8 017) 293 27 56, 293 28 33.
Е-mail: pr@nlb.by