14 студзеня ў галерэі “Панарама” (22-гі паверх) адкрылася выстаўка “Лініі дабра”.
На ўрачыстым адкрыцці з прывітальным словам выступіла першы намеснік генеральнага дырэктара Алена Далгаполава. Яна нагадала пра тое, што Нацыянальная бібліятэка заўсёды падтрымлівае дабрачынныя акцыі. І выстаўка “Лініі дабра” – яшчэ адзін крок да таго, каб прыцягнуць увагу грамадства да дапамогі тым, хто ў гэтым мае патрэбу.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел дырэктар Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава Аляксандр Шантаровіч, дэпутат, член Савета Палаты прадстаўнікоў, валанцёр фонду дапамогі дзецям “Белы бусел” Ігар Камароўскі, куратар дабрачыннай групы “Добрыя сэрцы” Кацярына Буглак, навучэнцы.
У экспазіцыі можна ўбачыць работы маладых мастакоў, вучняў і выпускнікоў мастацкага каледжа імя А.К. Глебава. Гэта графічныя замалёўкі з адлюстраваннем беларускай традыцыйнай культуры і фальклору, нацыянальных арнаментаў, гарадскіх пейзажаў, рэлігійных матываў, філасофскіх разважанняў.
Арганізатары – Нацыянальная бібліятэка Беларусі сумесна з фондам дапамогі дзецям “Белы бусел”, дабрачыннай групай “Добрыя сэрцы” і Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжам імя А.К. Глебава – спадзяюцца, што наведвальнікі выстаўкі стануць больш уважлівымі і спагадлівымі да праблем іншых людзей і матывуюць мецэнатаў і валанцёраў да ўдзелу ў дапамозе ім.
Падчас навагодніх святаў, калі цуд становіцца цалкам рэальнай справай, лініямі ад сэрца да сэрца аўтары імкнуцца пашырыць межы гаючага мастацкага ўплыву: прынесці цяпло і клопат тым, каму іх не хапае, выканаць тое, што пажадана, падказаць, каму можна дапамагчы менавіта зараз.
Выстаўка будзе працаваць да 15 красавіка 2021 г.
Дата яе заканчэння можа быць зменена.
Наведванне экспазіцыі ўваходзіць у кошт наведвання агляднай пляцоўкі.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы агляднай пляцоўкі.
Тэлефон для даведак: (8 017) 368 37 37.
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам сувязей з грамадскасцю.