15 ліпеня а 17-й гадзіне ў галерэі “Панарама” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі папулярнага беларускага жывапісца Аляксея Кузьміча.
Тэматыка твораў мастака, акадэміка Міжнароднай Кірыла-Мяфодзіеўскай акадэміі славянскай асветы напоўнена вялікім філасофскім сэнсам: місія чалавека на зямлі, маральны абавязак, прызначэнне жанчыны-маці. Сваё ўяўленне пра гарманічны пачатак ён імкнецца перадаць праз вобраз жаночай прыгажосці. Усёабдымны вобраз жанчыны, які ўвабраў у сябе зямное і ўзвышанае, – гэта мадонна Аляксея Кузьміча. Сотні яе абліччаў адлюстроўваюць і зямную жанчыну-маці, і маці роду чалавечага, і бажаство Сусвету.
Адной з ключавых у творчасці жывапісца з’яўляецца тэма быцця і адзінства славянскіх народаў. Для яго існуе адзінае паняцце гістарычнай Русі, неаддзельнае ад яго радзімы – Белай Русі. Гэтай тэме прысвечаны цэлы цыкл яго работ.
У адкрыцці выстаўкі возьмуць удзел прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міжнароднай Кірыла-Мяфодзіеўскай акадэміі славянскай асветы, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Выстаўка будзе доўжыцца да 31 жніўня ў галерэі “Панарама” (22-гі паверх, закрытая аглядная пляцоўка). З 16 ліпеня плата за ўваход складае кошт наведвання агляднай пляцоўкі.
Тэлефоны для даведак: (017) 293-27-67, 293-28-23.