ГалоўнаяНавіныЛітаратурныя гульні, тэсты
Сустрэча з адвакатам па тэме “Усё аб садаводчых таварыствах”
Заснавальнік нацыянальнай школы гісторыі дзяржавы і права

Тэст “Мара Скарыны” да Сусветнага дня паэзіі

Тэст “Мара Скарыны” да Сусветнага дня паэзіі
Іншыя навіны

21 сакавіка ў свеце адзначаецца Сусветны дзень паэзіі. Прапануем вашай увазе вершы Ніла Гілевіча, прысвечаныя кніжнай культуры, а таксама заданні да іх.

Cёлета Нілу Гілевічу, аднаму з волатаў беларускай літаратуры, споўнілася б 90 гадоў. Ён быў паэтам, перакладчыкам, празаікам і фалькларыстам, шчыра захапляўся роднай мовай, беларускай гісторыяй і культурай. У вершах Ніла Сымонавіча адлюстраваны душа нацыі і яе самабытная культура.

Тэст “Мара Скарыны” названы аднайменным вершам паэта. З паэтычнай спадчыны Ніла Гілевіча адабраны творы, прысвечаныя кнігам, беларускаму першадрукару і кніжнай культуры. Чытайце творы, атрымлівайце асалоду ад паэзіі і смаку беларускага слова. Пасля кожнага верша паспрабуйце выканаць заданні, у якіх неабходна ўставіць прапушчаныя словы. Для гэтага трэба ўважліва і асэнсавана чытаць творы. Поспехаў!

МАРА СКАРЫНЫ

Марыў калісьці славуты Скарына,
“Ціснучы” кнігі на мове бацькоў:
Простаму люду ў роднай краіне
Зробіць даступнай ён мудрасць вякоў.
Толькі радзіму сваю ў ліхалецці
Мара яго абляцець не магла:
Білася роспачна птушкай у клетцы,
Вочы ж бядоты сляпіла імгла.
Думалі, згіне, як статак, нямое
Племя пакорнае ў вечным ярме.
Колькі іх мужных, што матчынай мове
Шлях пракладалі і змёрлі ў турме!..
Ды разгулялася плынь веснавая –
Змыла пакутнай няволі сляды,
і ўстрапянулася мара жывая,
і абляцела ўвесь край малады!
Сталі даступнымі простаму люду
Мудрасці скарбы са свету ўсяго –
Каб ні ярма, ні імглы, ні аблуды
Болей не зведала доля яго!
1965

✍️ Заданне

СТАРЫЯ ДРУКАРНІ

У розных кутках беларускай зямлі
(Там помнікі б з мармуру высечы!)
Славутыя колісь друкарні былі –
Гадоў таму ледзь не паўтысячы.
Даўно супачылі ў зямлі друкары,
А плён іх сыноўняга подзвігу
Сцірала гісторыя з гэнай пары –
Дзе кроўю, дзе гучна, дзе поціху.
I мейсцы ўжо тыя нялёгка знайсці,
Парослыя крыўдамі-бедамі,
Дзе ўсходзілі першыя кветкі цвісці
Красы, між народаў няведамай.
О, як бы разросся той кветнік, той сад,
Хоць вёсны былі неспагаднымі,
Калі б не стаптаў заваёўнік-магнат,
Калі б чужакі не спаганілі!
Але, як зярняты з угрэтай раллі,
Слязамі і кроўю палітыя,
Ізноў прарасталі, буялі, цвілі
Бяссмертныя родныя літары!
I чулася, чулася ў стуку станкоў,
Што ім не замоўкнуць заклятымі,
Што будуць яны за хрыбтамі вякоў
Грымець паліграфкамбінатамі.
1965

✍️ Заданне

ВЫСОКА Ў ГАРАХ

Высока ў гарах я думаю
Пра гонар маёй старонкі.
Чаму так найшло – не знаю.
У думак – свая дарога.
Ці, можа, што гэткі чысты
Снег на вяршынях стромкіх?
Ці што нада мною сонца
Ды неба, а больш – нічога?
Калі ты ўзвышаўся, край мой,
Без зайздрасці славе Рыма?
Калі пад Грунвальдам прадзед
Хрыбет крыжаку патрушчыў?
Ці, можа, як “ціснуў” кнігі
Людзям для дабра Скарына?
Ці як дзецюкоў на бітву
Збіраў Каліноўскі ў пушчы?
Высока ў гарах, дзе слепяць
Зіхценнем зямля і неба, -
Здаецца, я ў казцы нейкай
Натрапіў на цуд праўдзівы.
І хораша мне і лёгка
Між небам і чыстым снегам:
Высока ў гарах я думаю
Пра гонар маёй Радзімы.
1963

✍️ Заданне

ЛІРЫЧНЫ КАМЕНТАРЫЙ ДА НАШАГА РАДАСЛОЎЯ

Мы ўзышлі не з насення, што ветрам занесена, –
Мы не дзікай травы самарослыя парасткі.
У глыбінях зямлі, гераічнай і песеннай,
Нашых душ карані — з вузлякамі ўпартасці.
Сокам вотчынных гоняў адроду мы ўспоены,
Сонцам родных нябёс мы з маленства аблашчаны,
Як асілкі-дубы над дняпроўскімі поймамі –
Паяднаныя часам нашчадкі і прашчуры.
Мы на золку далёкім ардзе не скарыліся,
Славай Грунвальда выйшлі ў вялікія ратнікі.
Нас будзіў да святла стук друкарань скарынінскіх.
Да братоў мы гарнуліся сэрцамі братнімі.
Каліноўскі дарэшты пазбавіў нас кволасці –
Веру-мужнасць сваю завяшчаў нам з-пад вісельні.
З гнеўнай лірай Купалы і з эпасам Коласа
Мы спазналі сябе і свой голас узвысілі.
Гэтай повязі кроўнай, якой мы прывязаны
Да бацькоўскай зямлі, не парвуць, не растурзаюць
Аніякія буры-вятры непрыязныя –
Нашы сэрцы ад іх толькі больш загартуюцца!
I як вечна вясне святкаваць тут агледзіны,
Мовай радасці з долам і небам гамонячы, –
Так і нам у вяках тут, з братамі-суседзямі,
Жыць і верыць у лёс незахмарана-сонечны.
1980

✍️ Заданне

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.

Навіны

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам