ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Тэматычная кніжная выстаўка "Міжнародная міграцыя ў пачатку XXI стагоддзя"
Правы чалавека: сучаснасць і перспектывы

Зямлі вяртаючы нябёсы

Іншыя навіны

З 3 па 17 снежня 2007 года ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць кніжная выстаўка «Зямлі вяртаючы нябёсы…», прысвечаная 60-годдзю з дня нараджэння лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Купалы (1990, за кнігу паэзіі «Вастрыё стралы»), лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Іагана Готфрыда Гердэра (2003) беларускага паэта, перакладчыка Алеся Разанава.



Паэзія А. Разанава ўвабрала ў сябе нацыянальную культурную памяць і арганічна самавыяўляецца ў кантэксце сусветнай культуры і літаратуры. Ідэйна-філасофская творчасць А. Разанава стала своеасаблівай і арыгінальнай з’явай у сучаснай літаратуры. Як адзначаў вядомы крытык В. Бечык, «ён абапіраецца на вялікі вопыт сусветнага мастацтва. Мы ўбачым у яго творах і баладны лад, і сучасную жанрава-стылявую раскаванасць, і асаблівую ёмістасць усходніх танка і хоку, і ўласцівыя сюррэалізму сродкі і прыёмы пісьма». Паэт сваёй творчасцю пазначыў наватарскі шлях у паэзіі, скіраваны на абнаўленне вершаванага мастацтва. А. Разанаў – паэт, які пошук, адкрыццё зрабіў сваёй творчай мэтай. Ён сцвярджае права на эксперымент як у галіне зместу, так і ў галіне формы і па-свойму вырашае праблему адзінства формы і паэтычнага зместу. Класічны традыцыяналіст і разам з тым яркі наватар, А. Разанаў заснаваў і ўвёў у паэзію свае, новыя жанры: квантэмы, пункціры, версэты, зномы. Паэт асэнсоўвае праблемы чалавечага быцця: чалавек і прырода, чалавек і грамадства, чалавек і мараль. Наватарскія жанравыя і рытміка-інтанацыйныя формы яго паэзіі вызначаюцца гуманістычным напаўненнем, багатым жыццёвым зместам. Творчасць паэта сведчыць аб яго неардынарным мысленні і нетрадыцыйным вобразна-паэтычным самавыяўленні. За ўдзел у міжнародным літаратурным конкурсе «Сустрэча двух сусветаў» А. Разанаў быў узнагароджаны дыпломам ЮНЕСКА. Некаторы час жыў і працаваў як замежны стыпендыят у Фінляндыі, Швецыі, Славеніі, Германіі, Аўстрыі.

На выстаўцы прадстаўлена больш за 200 выданняў, што раскрываюць багатую, арыгінальную паэтычную спадчыну А. Разанава, біяграфічныя і літаратуразнаўчыя працы і публікацыі пра яго жыццё і творчасць. У экспазіцыі – зборнікі паэзіі «Адраджэнне» (1970), «Назаўжды» (1974), «Каардынаты быцця» (1976), «Шлях – 360» (1981), «Вастрыё стралы»(1988), «У горадзе валадарыць Рагвалод» (1992), «Паляванне ў райскай даліне»(1995), «Гліна. Камень. Жалеза»(2000), «Танец з вужакамі» (2002), «Лясная дарога» (2005), «Каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць»(2006), «Дождж: возера ў акупунктуры» (2007), «Яйкаквадраты». Апошняе было напісана ў сааўтарстве з В. Маркаўцом (1993–2007).

А. Разанаў узнавіў таксама шэраг твораў старажытнай беларускай літаратуры Кірылы Тураўскага, Францішка Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Язэпа Руцкага, Мялеція Сматрыцкага, Іпація Пацея, Усяслава Чарадзея, Льва Сапегі і іншых, сабраныя ў яго зборніку «Кніга ўзнаўленняў» (2005).

У ліку прадстаўленых выданняў – кніга «Wortdichte» (2003), якая адкрывае А. Разанава як нямецкамоўнага аўтара.

Наведвальнікам выстаўкі будзе цікава пазнаёміцца з перакладамі А. Разанава з літоўскай, латышскай, грузінскай, балгарскай, сербахарвацкай, чэшскай, англійскай моў. Паэт пераклаў кнігу для дзяцей К. Саі «Гэй, хавайцеся!» (1982), п`есу У. Шэкспіра «Сон у летнюю ноч» (у зборніку «Тры камедыі» (1989)), раман Йонаса Авіжуса «Час, калі пусцеюць сядзібы» і інш.

На выстаўцы прадстаўлены выданні, у якіх А. Разанаў выступае як складальнік, рэдактар, аўтар уступных артыкулаў.

Асобнае месца ў экспазіцыі займаюць творы пісьменніка, выдадзеныя на англійскай, балгарскай, грузінскай, нямецкай, польскай, чэшскай і іншых мовах. Некаторыя з іх уяўляюць сабой кнігі-білінгвы: «Танец з вужакамі» і «Гановерскія пункціры», выдадзеныя ў Германіі. У іх вершы змешчаны на беларускай і нямецкай мовах. Творы паэта перакладзены больш чым на 20 моў свету.

Публікацыі, прысвечаныя аналізу творчасці А. Разанава, прадстаўлены на выстаўцы навуковымі даследаваннямі, сярод якіх манаграфія Г. Кісліцынай «Алесь Разанаў: праблема мастацкай свядомасці» (1997), аўтарэфераты Т. Старасценкі, А. Ігнацюк, артыкулы У. Калесніка, У. Конана, Т. Чабан, Е. Лявонавай і інш.
Выстаўка багата ілюстравана фотаздымкамі паэта.

Кантактны тэлефон 293 -27-16
Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам