ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Прэзентацыя факсіміле Баркалабаўскага летапісу
Погляд на Мір

Збіральнік вечнасці

Збіральнік вечнасці
Іншыя навіны

З 18 кастрычніка па 15 лістапада ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць выстаўка “Збіральнік вечнасці”, прысвечаная 75-годдзю з дня нараджэння Янкі Саламевіча.


Іван Уладзіміравіч Саламевіч (1938–2012) – вядомы беларускі літаратуразнавец, крытык, фалькларыст і бібліёграф.

Матэрыялы экспазіцыі склалі чатыры раздзелы, якія дапамогуць наведвальнікам раскрыць таямніцы творчай лабараторыі даследчыка.

Першы раздзел “Сляды незабыўныя продкаў” змяшчае кнігі аўтара, уключаючы самую галоўную – “Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (ХVI–ХХ стст.)” (1983). Гэта кніга – плён доўгага пошуку і знаходак, першы ў гісторыі беларускага літаратуразнаўства даведнік расшыфраваных псеўданімаў беларускіх літаратурных і грамадска-палітычных дзеячаў. Ужо падрыхтавана і другое выданне гэтага слоўніка (дапрацаванае і дапоўненае), у якім будзе змешчана больш за 20 тысяч псеўданімаў. Усё сваё жыццё Іван Уладзіміравіч працаваў над гэтай кнігай, але так і не дачакаўся яе выхаду.

І невыпадкова выстаўка мае назву “Збіральнік вечнасці”. Яна глыбока раскрывае сэнс жыцця Івана Уладзіміравіча. Ён адзіны, хто не проста сабраў столькі псеўданімаў у адной кніжцы, але і раскрыў, каму яны належаць. А гэта і ёсць дакрананне да Вечнасці. Выхад першага варыянта слоўніка стаў рэвалюцыйнай з’явай, а выхад другога – добрым помнікам рупліваму даследчыку.

Іван Саламевіч быў сапраўдным энцыклапедыстам і вельмі грунтоўным даследчыкам. Пра гэта сведчыць яго праца па вывучэнні жыцця і творчасці М. Федароўскага.

Шырыня энцыклапедычных падыходаў да розных з’яў беларускай культуры выявілася ў сферы фалькларыстыкі і бібліяфіліі. У якасці бібліёграфа Іван Уладзіміравіч склаў першы ў Беларусі даведнік “Беларускі фальклор (1926–1963)” (1964), у якім было зафіксавана каля 1 206 публікацый. Гэта выданне стала падмуркам для больш грунтоўнага паказальніка М. Грынблата “Беларуская этнаграфія і фалькларыстыка” (1972).

Шмат сіл і намаганняў Іван Саламевіч аддаў на пераклады з рускай, украінскай і польскай моў.

У раздзелах “Старонкі станаўлення”, “Я. Саламевіч – перакладчык”, “Нястомны працаўнік” змешчаны калектыўныя зборнікі, пераклады, энцыклапедычныя і перыядычныя выданні, якія больш поўна раскрываюць жыццёвы і творчы шлях даследчыка.

Свае публікацыі дзейнасці Янкі Саламевіча прысвяцілі В. Рагойша, А. Ліс, У. Содаль і інш.

Усяго на выстаўцы прадстаўлена звыш 70 выданняў.

Кантактны тэлефон: (8 017) 293 27 16.

Навіны
Бібліятэкарам