ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Выстаўка калекцыі "Iconotheca Valvasoriana"
Насельнікі акварыума

З плеяды маладнякоўцаў

З плеяды маладнякоўцаў
Іншыя навіны

З 2 па 21 жніўня ў зале беларускай літаратуры праходзіць юбілейная кніжная выстаўка “З плеяды маладнякоўцаў”, прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка, крытыка Барыса Міхайлавіча Мікуліча (1912–1954).


Творы Б. Мікуліча займаюць прыкметнае месца ў беларускай літаратуры 30-х гадоў XX ст. Ім уласціва цесная сувязь з тагачасным грамадска-палітычным і эканамічным жыццём краіны. Яны вылучаюцца псіхалагізмам, глыбінёй пранікнення ў чалавечыя характары, жывой выразнай мовай. У аповесцях і апавяданнях пісьменніка адлюстравана рамантыка рэвалюцыйнай эпохі, падзеі грамадзянскай вайны, калектывізацыі, небывалы ўздым і працаздольнасць маладога пакалення, станаўленне новых узаемаадносін паміж людзьмі.

На выстаўцы ў раздзеле “Талент малады і светлы” можна пазнаёміцца з прыжыццёвымі зборнікамі пісьменніка, якія выйшлі з друку да першага яго беспадстаўнага арышту ў 1936 г. Гэта – “Удар” (1931), “Чорная вірня” (1931), “Наша сонца” (1932), “Ускраіна” (1932), “Дужасць” (1934), “Яхант” (1935), “Дружба” (1936).

Яшчэ з большай апантанасцю працаваў пісьменнік, калі вярнуўся пасля дзесяцігадовага зняволення. З 1946 па 1948 г. ім былі напісаны аповесці “Адвечнае” (твор застаўся незавершаным), “Цяжкая гадзіна”, “Зялёны луг”, “Развітанне”, “Вецер на світанні”, “Палеская аповесць”, “Жыццяпіс Вінцэся Шастака”, навелы “Гадзюка ў кароне”, “Зорка” і іншыя творы, якія друкаваліся ў тагачасных часопісах і калектыўных зборніках. Яны дэманструюцца ў раздзеле “Вечна малады пакутнік”.

У экспазіцыі прадстаўлены таксама кнігі, якія былі выдадзены пасля смерці пісьменніка: “Выбранае” (1959), “Аповесці” (1985). Заслугоўвае ўвагі дакументальны твор “Аповесць для сябе” (1993) – дзённік, які змяшчае ўспаміны пісьменніка пра блізкіх і дарагіх людзей, пра літаратурнае і тэатральнае жыццё 20-х – пачатку 50-х г., пра свае поспехі, мары і спадзяванні, якім, на вялікі жаль, не суджана было збыцца.

У наведвальнікаў выстаўкі ёсць магчымасць пазнаёміцца з перакладамі твораў Б. Мікуліча на рускую мову, з перакладчыцкай дзейнасцю самога пісьменніка, з творамі іншых аўтараў, выдадзеных у яго літаратурнай апрацоўцы.

У 1949 г. адбыўся новы арышт пісьменніка, а ў 1954 г. яго раптоўна не стала. Барыс Міхайлавіч Мікуліч памёр на чужыне, у далёкім Краснаярскім краі, не дачакаўшыся ні амністыі, ні рэабілітацыі. У раздзеле “Барысава постаць” прадстаўлена больш падрабязная інфармацыя пра яго жыццё і творчы шлях.

Выстаўка ілюстравана фотаздымкамі пісьменніка.

Кантактны тэлефон: (8 017) 293 27 16.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам