ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Семінар па сучасных праблемах кніжнай культуры
Нацыянальныя бібліятэкі і адзіная інфармацыйная прастора СНД

З любоўю да беларускай паэзіі

З любоўю да беларускай паэзіі
Іншыя навіны

З 20 красавіка па 5 мая ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць выстаўка “З любоўю да беларускай паэзіі”, прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння англійскай паэтэсы і перакладчыцы Веры Рыч (Фэйт Элізабет Рыч).


Сярод англамоўных перакладчыкаў беларускай літаратуры асоба Веры Рыч (1936–2009) унікальная. Аўтар зборнікаў паэзіі і шэрагу крытычных прац, перакладчыца і рэдактар, яна стала адным з першых перакладчыкаў беларускай паэтычнай класікі на англійскую мову і найбуйнейшым перакладчыкам-папулярызатарам беларускай літаратуры на Захадзе. Ёй належыць найбольшая колькасць мастацкіх перакладаў твораў беларускіх аўтараў. Перакладала Вера Рыч не толькі з беларускай, але і са стараанглійскай, старанарвежскай, украінскай, рускай і польскай моў.

Яе пераклады адметныя дакладнай перадачай зместу і формы арыгінала. Вядомы беларускі перакладчык Л. Казыра адзначаў: “Пераклады Веры Рыч у цэлым высокамастацкія, максімальна набліжаныя да зместу арыгінала і характарызуюцца дакладнасцю ўзноўленага паэтычнага малюнка…”.

Менавіта з Верай Рыч ЮНЕСКА падпісала дамову на падрыхтоўку перакладаў беларускай паэзіі. У 1971 г. пабачыла свет анталогія беларускай паэзіі “Like Water, Lake Fire: An Anthology of Belorussian Poetry from 1828 to the Present Day” (“Як вада, як агонь: анталогія беларускай паэзіі з 1828 г. па сёння”). Грунтоўная праца змяшчае творы 41 аўтара – ад Францішка Багушэвіча да Максіма Танка, уступнае слова, каментарыі да твораў, біяграфіі паэтаў. Наведвальнікі экспазіцыі маюць магчымасць пазнаёміцца з гэтым выданнем.

Сярод перакладчыцкай спадчыны Веры Рыч, якая прадстаўлена на выстаўцы, – кніга “The images Swarm Free: A Bi-Lingual Selection of Poetry by Maksim Bahdanovich, Ales Narun and Zmitrok Biadula = Снуецца зданяў рой: двухмоўны збор паэзіі Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна і Змітрака Бядулі” (1982), анталогія сучаснага беларускага верша на англійскай мове “Poems on Liberty” (2004), паэма К. Вераніцына “Тарас на Парнасе”, фарс-вадэвіль В. Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта” (разам з Д. Янушкевічам), санеты Я. Купалы і інш.

Дапаўняюць экспазіцыю літаратуразнаўчыя артыкулы Веры Рыч пра беларускую літаратуру.

У заключнай частцы размешчаны матэрыялы, у якіх даследуецца творчасць паэтэсы і шматлікія публікацыі з энцыклапедычных і перыядычных выданняў, прысвечаныя Веры Рыч.

Кантактны тэлефон: (8 017) 293 27 16.

   

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам