ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Рабочыя сустрэчы. Беларускую паэзію прэзентуе Нацыянальная бібліятэка краіны
Творчасць Лесі Украінкі ў кантэксце беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязей

У бібліятэцы адсвяткавалі 150-годдзе з дня нараджэння Лесі Украінкі

У бібліятэцы адсвяткавалі 150-годдзе з дня нараджэння Лесі Украінкі
Іншыя навіны

24 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася кніжная выстаўка “Украінская Касандра”.

25 лютага – 150 гадоў з дня нараджэння Ларысы Пятроўны Косач-Квiткі, вядомай ва ўсім свеце як Леся Украінка. Адна з найвыбітнейшых асоб украінскай культуры ўзбагаціла новымі тэмамі і матывамі славеснасць свайго народа, увяла ва ўкраінскую паэзію гекзаметр, верлібр, пяцістопны ямб і сюжэты сусветнай літаратуры. Сярод яе вядомых вершаваных зборнікаў: “На крылах песень” (1893), “Думы і мары” (1899), “Водгукі” (1902), паэмы “Старая казка” (1893), “Адно слова” (1903), драмы “Касандра” (1903–1907), “У катакомбах” (1905), “Лясная песня” (1911) і іншыя. На беларускую мову творы Лесі Украінкі перакладалі Э. Агняцвет, А. Астрэйка, Ю. Гаўрук, Н. Гілевіч, С. Грахоўскі, Е. Лось і многія іншыя пісьменнікі.

Святкаванне юбілею ўкраінскай пісьменніцы пачалося з пасяджэння міжнароднага круглага стала. На ім абмеркавалі жыццё, творчую спадчыну Лесі Украінкі, беларуска-ўкраінскія літаратурныя сувязі ХХ ст. Выступалі дакладчыкі з Беларусі і Украіны, у тым ліку з Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Львоўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Івана Франка, Валынскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Лесі Украінкі, Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вярнадскага, Інстытута ўкраіназнаўства імя І. Крыпякевіча НАН Украіны і іншыя.

Пазней адбылося адкрыццё кніжнай выстаўкі “Украінская Касандра”. З прывітальным словам выступіў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі. Ён падкрэсліў значнасць Лесі Украінкі, якая пражыла цяжкае і вельмі кароткае жыццё – 42 гады, але стала класікам украінскай літаратуры. “Пра творчую спадчыну пісьменніцы можна гаварыць шмат, але лепей за ўсё чытаць і слухаць”, – сказаў Раман Сцяпанавіч і прадэкламаваў яе вершы ў перакладзе на беларускую мову і арыгіналы на ўкраінскай.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Кізім падзякаваў усім прысутным і адзначыў, што правядзенне такога мерапрыемства – вялікі ўклад у дружбу паміж культурнымі ўстановамі, украінскім і беларускім народам і нават дзяржавамі. Ганаровы госць уручыў у дар бібліятэцы тры ўнікальныя выданні, падрыхтаваныя праектам “Відчути слово” пры падтрымцы ўкраінскай дыяспары Венгрыі: “Леся Українка 150. За правду, браття, єднаймося щиро!”, “Сучасні білоруські казки”, “Казковий дивосвіт”. Выданні выйшлі на ўкраінскай мове шрыфтам Брайля спецыяльна для людзей з парушэннямі зроку.

Заслужаны работнік культуры Украіны, старшыня Мінскага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Заповіт” Галіна Калюжная падкрэсліла высокае месца Ларысы Пятроўны Косач-Квiткі на небасхіле ўкраінскай літаратуры: “Яе слава выйшла за межы краіны, а творчасць увайшла ў спадчыну сусветнай культуры. Яна пісала пра свабоду, праўду, любоў да сваёй Радзімы. Гэта было крэда яе жыцця”.

На мерапрыемстве выступіла і старшыня Цэнтра ўкраінскай культуры “Січ” Валянціна Логвін. Яна распавяла пра ўклад Лесі Украінкі ў гісторыю краіны і падарыла Нацыянальнай бібліятэцы трохтомнік “Історія України від Діда Свирида”.

На выстаўцы прадстаўлены каля 50 дакументаў, якія адлюстроўваюць багатую спадчыну Лесі Украінкі, паказаны поўныя зборы твораў, публіцыстыка і лісты, успаміны сучаснікаў, літаратурна-біяграфічныя партрэты. Напрыклад, каштоўнае выданне“Лариса Петрівна Косач-Квітка (Леся Українка): біографічні матеріали, спогади, іконографія” (2015), якое складаецца з арыгінальных тэкстаў Лесі Украінкі, успамінаў, артыкулаў і фотаздымкаў. Большая частка кнігі – успаміны і лісты Ізідоры Косач-Барысавай, сястры Лесі, якія ніколі не выдаваліся. Раздзел “Іканаграфія” змяшчае раней невядомыя дакументы з прыватных архіваў.

У экспазіцыі прадэманстраваны і ўнёсак выдатнай украінкі ў музычную спадчыну: копіі нотных запісаў песень, створаных на яе вершы, і зборнік украінскіх песень. Пісьменніца працавала ў галіне фалькларыстыкі, з яе голасу запісана 220 народных мелодый. Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць паслухаць меладычныя вершы “ўкраінскай Касандры” ў выкананні кіраўніка народнага хору ўкраінскай песні “Крыніця” Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Маргарыты Кучук пад акампанемент Аляксея Апановіча.


Выстаўка будзе працаваць да 25 мая 2021 г. у кальцавым калідоры 2-га паверха.
Дата яе заканчэння можа быць зменена.

Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 368 37 37.
E-mail: pr@nlb.by

Навіны

Сны aб Беларусі у Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам