ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
“Гавары са мной па-беларуску!”
Усякі дзень першы

Тонкая лірыка пейзажу

Тонкая лірыка пейзажу
Іншыя навіны

З 28 жніўня па 29 верасня ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306) праходзіць кніжна-ілюстрацыйная выстава “Тонкая лірыка пейзажу”, прысвечаная 160-годдзю з дня нараджэння выдатнага рускага мастака Ісаака Ільіча Левітана (1860–1900).

“Усё яго жыццё, уся яго творчасць прайшлі над любімай ім краінай, над яе прыродай дабратворным дажджом, пасля яго над рускім пейзажам заззяла цудоўная вясёлка, у вароты якой павінны праходзіць усе мастакі, тыя, хто любіць сваю краіну, свой народ, сваю прыроду”, – казаў пра Левітана мастак Георгій Ніскі.

Жыццё і лёс таленавітага пейзажыста былі няпростымі: ранні адыход абодвух бацькоў, бязмежная галеча, голад і барацьба за кавалак хлеба ў зусім юныя гады, насмешкі і прадузятае стаўленне да яго за яўрэйскае паходжанне, працяглая хвароба, якая абярнулася смерцю ў няпоўныя сорак гадоў... Аднак, нягледзячы на ўсе цяжкасці, мастак здолеў адлюстраваць у сваёй творчасці дзіўную гармонію і прыгажосць навакольнага свету, захаваць усё хараство і душэўнасць прыроды сярэдняй паласы Расіі, яе ціхую, сціплую чароўнасць. “Прыроду ўпрыгожваць не трэба, але трэба адчуць яе сутнасць і вызваліць ад выпадковасцей”, – лічыў майстар.

На выставе можна ўбачыць цэлы шэраг рэпрадукцый вядомых работ мастака, якія прадстаўляюць усе фарбы пор года: “Восеньскі дзень. Сакольнікі”, “Залатая восень”, “Летні вечар”, “Вясна. Вялікая вада”, “Сакавік”, “Зімой у лесе”. Супакаеннем, спакоем і ціхім сумам ахінаюць “Апошнія промні сонца”, “Змярканне. Стагі”, “Ціхі манастыр”, “Вячэрні звон”, “Каля віру”. Водгук у душы знойдзе эпічны твор “Над вечным спакоем”, напоўнены філасофскімі роздумамі пра жыццёвы шлях чалавека, тленнасць быцця, пра вечнасць. Не пакіне абыякавым поўнае драматызму палатно “Уладзімірка”, на якім Левітан захаваў сумна вядомую старую Уладзімірскую дарогу, па якой ссыльных гналі на катаргу ў Сібір.

Ёсць у мастака і жыццесцвярджальныя творы, якія адлюстроўваюць прыроду ў росквіце сіл. На выставе можна ўбачыць рэпрадукцыі карцін “Свежы вецер. Волга”, “Бярозавы гай”, “Масток. Савінская слабада” і іншыя. Уразяць сонечныя крымскія і італьянскія пейзажы, суровая паўночная прырода Фінляндыі. Экспазіцыя пазнаёміць з работамі, створанымі ў нехарактэрным для мастака жанры партрэта, напрыклад, “Партрэт Соф’і Пятроўны Куўшыннікавай”, парадуюць наведвальнікаў і цудоўныя нацюрморты жывапісца – “Букет васількоў”, “Белы бэз”, “Дзьмухаўцы”.

Дапаўняюць экспазіцыю каталогі выстаў Ісаака Левітана, артыкулы пра жывапісца, успаміны пра яго сучаснікаў А. Чэхава, М. Несцерава, С. Куўшыннікавай, кнігі пра мастака С. Прарокавай, У. Пятрова, фундаментальныя даследаванні мастацтвазнаўцы А. Фёдарава-Давыдава. Будзе пазнавальнай і мастацкая літаратура, прысвечаная вялікаму пейзажысту: аповесць “Ісаак Левітан” К. Паўстоўскага, паэма “Левітан” І. Калашнікава.


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 53.

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам