ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Сэлфі ў музеі кнігі
Лініі ад сэрца да сэрца

Тандэм натхнення

Тандэм натхнення
Іншыя навіны

З 15 студзеня па 22 лютага ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306) праходзіць кніжна-ілюстрацыйная выстаўка “Тандэм натхнення”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння беларускіх мастакоў Георгія Георгіевіча Паплаўскага (1931–2017) і Наталлі Мікалаеўны Паплаўскай (1931).

Няўмольна бяжыць час, але не бясследна. Нашчадкі будуць ведаць пра яго па кнігах і карцінах. І сярод помнікаў нашага часу – творы мастакоў Паплаўскіх, у якіх адлюстравана жыццё з яго радасцямі, смуткам, марамі.

Творчасць беларускага жывапісца, графіка, ілюстратара Георгія Паплаўскага – з'ява яркая і своеасаблівая ў нацыянальнай мастацкай культуры. Як мастак Паплаўскі сфарміраваўся ў атмасферы шасцідзесятых гадоў і назаўсёды захаваў вернасць праўдзіваму мастацтву, адкрытаму трывогам і надзеям свайго часу. Пафас і паэтыка таго пакалення наклалі глыбокі адбітак на лад жыцця, думак і адчуванняў майстра, на ўсю яго творчасць.

Свет мастака багаты, шматстайны і непадзельны. Ледзь пачуўшы кліч музы далёкіх падарожжаў, Паплаўскі зрываўся з абжытых месцаў. Ён пабачыў Кубу, Аўстралію, Мексіку, Сінгапур, Індыю і іншыя краіны, плаваў матросам у Атлантыку і Карыбскае мора, на рудавозах перасёк Арктыку. Старонкі гэтых падарожжаў можна ўбачыць у альбомах з яго жывапісам і графікай.

Асабліва душэўныя творы Георгія Паплаўскага нараджаліся ў вясковай майстэрні на Браслаўшчыне. Глыбокая і арганічная сувязь яднае мастака з беларускай зямлёй, яе гісторыяй, культурай, літаратурнымі традыцыямі, народнай творчасцю. У прысвечаны Беларусі раздзел экспазіцыі ўвайшлі лірычныя пейзажы роднага краю, партрэты людзей, карціны іх працоўнага жыцця з яго паэзіяй і прозай. Асаблівае месца адведзена кніжным ілюстрацыям. З незвычайным хваляваннем Паплаўскі ўвасобіў радкі Янкі Купалы і Якуба Коласа ў прадстаўленых на выставе графічных працах.

Характар творчага почырку Наталлі Паплаўскай склаўся пад уплывам беларускага фальклору. Зварот да традыцый нацыянальнай культуры, цікавасць да гісторыі, этнаграфіі і фальклору знайшлі адлюстраванне ў яркай метафарычнасці, асаблівай цеплыні выявы, эмацыянальнай насычанасці мастацкіх вобразаў. Наталля Паплаўская стварыла ілюстрацыі для многіх беларускіх казак, а таксама дзіцячых кніг. Асаблівым зачараваннем надзелены вядомыя літаграфіі “Дзядок”, “Залатая яблынька” і іншыя працы мастачкі.

Экспазіцыя ў немалой ступені адлюстроўвае той значны ўклад, які ўнеслі Паплаўскія ў развіццё беларускага выяўленчага мастацтва. Іх імёны сімвалізуюць высокі ўзровень майстэрства, індывідуальны стыль, а таксама сямейны творчы “клан”, дзе расце новае пакаленне графікаў. Усяго дэманструецца звыш 60 дакументаў, сярод якіх і арыгіналы работ з аўтографамі мастакоў.


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 53.

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам