З 2 па 31 мая 2007 г. у зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць выстаўка, прысвечаная 60-годдзю Раісы Баравіковай, беларускай паэтэсы, перакладчыцы, лаўрэата Літаратурнай прэміі СП БССР імя А. Куляшова (1988) і Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Я. Купалы (1994).
’Святло надзей - мелодыя радка’
Юбiлейная выстаўка
З 2 па 31 мая 2007 г. у зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць выстаўка, прысвечаная 60-годдзю Раісы Баравіковай, беларускай паэтэсы, перакладчыцы, лаўрэата Літаратурнай прэміі СП БССР імя А. Куляшова (1988) і Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Я. Купалы (1994).
Вядучыя тэмы ў творчасці Р. Баравіковай - каханне, праўда жыцця, шматгранны вобраз сучасніка, для якога характэрна прага да высокага духоўнага ідэалу, складаны пошук сапраўдных маральна-этычных асноў і жыццёвых каштоўнасцей і вартасцей.
Літаратурная спадчына Р. Баравіковай прадстаўлена зборнікамі паэзіі ’Рамонкавы бераг’ (1974), ’Слухаю сэрца’ (1978), ’Такое кароткае лета’ (1981), ’Адгукнуся голасам жалейкі’ (1984), ’Пад небам першага спаткання’ (1990). Яе талент праявіўся таксама і ў празаічных творах: аповесцях, апавяданнях, казках,такіх як ’Кватаранка’ (1980), ’Галенчыны ’Я’, альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў’ (1990), ’Дзве аповесці пра міжпланетнага пажарніка і казка пра жабяня Квыш-квыш’ (1996) і іншых.
Значнае месца ў экспазіцыі займаюць творы Р. Баравіковай у перакладзе на рускую, украінскую і іншыя мовы, а таксама творы розных аўтараў у перакладзе на беларускую мову Р. Баравіковай.
На выстаўцы экспануецца літаратура пра жыццё і творчасць паэтасы. Сярод даследчыкаў - У. Гніламёдаў, А. Марцінкевіч, В. Смаль, А. Петрушкевіч, А. Кабаковіч і іншыя.