ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Маміна сэрца
Урокі ў музеі

Шлях да сталасці

Шлях да сталасці
Іншыя навіны

З 3 сакавіка да 18 красавіка ў бібліятэцы (2-гі паверх, кальцавы калідор) размешчана юбілейная выстаўка да 120-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Кандрата Крапівы (1896–1991).


Творчая індывідуальнасць народнага пісьменніка Беларусі, акадэміка НАН Беларусі, драматурга, байкапісца, празаіка, мовазнаўца Кандрата Крапівы (Кандрата Кандратавіча Атраховіча) – цікавая і арыгінальная старонка беларускай літаратуры ХХ ст.

Яго пяру належаць вершы, празаічныя і драматычныя творы, сатырычныя паэмы і мудрыя байкі, даследчыя працы ў галіне лексікаграфіі, навуковыя распрацоўкі праблем драматургіі, надзённая публіцыстыка з фельетонамі.

На выстаўцы прадстаўлена больш за 100 дакументаў, сярод якіх выданні твораў, а таксама матэрыялы пра жыццё і творчасць К. Крапівы з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

Літаратурная дзейнасць пісьменніка пачалася яшчэ ў Чырвонай Арміі. 13 красавіка 1922 г. у газеце “Красноармейская правда” з’яўляецца першы твор Крапівы – вершаваны фельетон на рускай мове “Жили-были”, а 23 мая 1922 г. газета “Савецкая Беларусь” друкуе першы верш на беларускай мове “Сваты”.

У экспазіцыю ўвайшлі першыя зборнікі К. Крапівы “Асцё” (1925), “Крапіва” (1925), “Апавяданні” (1926), “Біблія” (1926), “Байкі” (1927), а таксама іх перавыданні.

Байкі сталі вяршыняй шматграннай паэтычнай творчасці К. Крапівы. Класічны фонд беларускай літаратуры ўключае яго вершаваныя творы: “Вол і авадзень”, “Дыпламаваны баран”, “Каршун і цецярук”, “Сава, Асёл ды Сонца” і інш.

Празаічныя творы пісьменніка – сатырычныя мініяцюры, гумарэскі і апавяданні – уключаны ў такія зборнікі, як “Апавяданні” (1926), “Людзі-суседзі” (1928), “Жывыя краявіды” (1930) і інш.

Асобнае месца ў творчасці К. Крапівы займае драматургія. З яго п’есамі ў беларускую літаратуру ўвайшлі героіка і сатыра, лірыка і эпічны пафас, жанравае і стылёвае багацце. На выстаўцы прадстаўлена першая п’еса пісьменніка “Канец дружбы” (1933), драма “Партызаны” (1937), сатырычная камедыя “Хто смяецца апошнім” (1940), драма “Людзі і д’яблы” (1958), камедыя “Пяюць жаваранкі” (1950), фантастычная камедыя “Брама неўміручасці” (1970).

Экспануюцца творы К. Крапівы ў перакладзе на беларускую, рускую, польскую, літоўскую, эстонскую і ўкраінскую мовы. Кніга “Співають жайворонки” (1951), выдадзеная на ўкраінскай мове, змяшчае аўтограф пісьменніка 1976 г. Прысутнічаюць перакладзеныя Кандратам Крапівой творы класікаў рускай і ўкраінскай літаратуры.

Вялікая творчая спадчына пісьменніка адлюстравана ў наступных выданнях: Збор твораў у 6-ці тамах (1997), “Выбраныя творы” ў 2-х тамах (1986), “Выбраныя творы” (2008), “Выбраныя творы” (2013).

К. Крапіва быў не толькі літаратарам. Яго навуковая дзейнасць была таксама глыбокая і змястоўная. З 1947 г. ён працаваў у Акадэміі навук БССР, узначальваў мовазнаўчы сектар у Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва, потым – Інстытут мовазнаўства, у 1956–1982 гг. быў віцэ-прэзідэнтам АН БССР. Ён з’яўляецца аўтарам прац па беларускай лексікаграфіі, прымаў удзел у стварэнні руска-беларускага і беларуска-рускага слоўнікаў. Выдатны знаўца роднай мовы, пісьменнік узначальваў тэрміналагічную камісію Беларускай савецкай энцыклапедыі, займаўся пытаннямі распрацоўкі тэрміналогіі ў розных галінах навукі. Сведчаннем глыбокага прызнання заслуг К. Крапівы служыць званне народнага пісьменніка Беларусі, прысуджанае яму яшчэ ў 1956 г., Дзяржаўная прэмія СССР за ўдзел у комплексе работ па беларускай лінгвагеаграфіі. К. Крапіва – заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1978), Герой Сацыялістычнай Працы (1975).

Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь прадстаўлены копіі найбольш цікавых і значных дакументаў, звязаных з дзяржаўнай і партыйнай дзейнасцю Кандрата Кандратавіча: пастановы Прэзідыума ЦК КПБ, пратаколы пасяджэнняў Бюро ЦК КПБ аб яго прызначэннях, загад Вярхоўнага Савета СССР аб узнагароджанні медалём “Партызану Айчыннай вайны” 1-й ступені, плакаты-біяграфіі кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР, пасведчанне аб абранні дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, асабісты лісток дэпутата Вярхоўнага Савета БССР К.К. Атраховіча (Крапівы), фатаграфіі членаў дэлегацыі БССР на канферэнцыі ААН у Сан-Францыска. Упершыню прадстаўлены арыгінал асабістай справы студэнта педфака БДУ К.К. Атраховіча, датаваны 1925 годам, з аўтабіяграфіяй, пасведчаннем аб нараджэнні і фатаграфіяй тых гадоў.

Экспазіцыя змяшчае шмат выданняў, прысвечаных жыццю і творчасці пісьменніка, такіх даследчыкаў духоўнай спадчыны К. Крапівы, як А. Сабалеўскі, С. Лаўшук, Дз. Бугаёў, а таксама артыкулы, разважанні, успаміны аб ім вядомых беларускіх пісьменнікаў.

Выданні і дакументы згрупаваны на выстаўцы ў храналагічным парадку. Зроблена гэта, каб кожны наведвальнік атрымаў магчымасць праз кнігі, фотаздымкі і архіўныя матэрыялы ўявіць гісторыю жыцця і творчасці Кандрата Кандратавіча, адчуць і наглядна ўбачыць вынікі яго працы, і як бы прайсці разам з ім яго амаль стогадовы шлях.

Кантактны тэлефон: (8 017) 293 29 80.

 
Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам