ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
“Лепшыя кнігі Беларусі”: выстаўка па выніках LVIII Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”
Апошні з трылогіі: у Мінску адбылася прэзентацыя беларускага перакладу рамана Сяргея Пясецкага

Родная мова – душа народа

Родная мова – душа народа
Іншыя навіны

З 15 лютага па 17 сакавіка ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная выстаўка “Родная мова – душа народа”, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы.

Гэты Дзень быў заснаваны рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года і штогод адзначаецца 21 лютага пачынаючы з 2000 года.

Дата свята была абрана як даніна памяці падзеям 21 лютага 1952 года, калі ў Дацы, сталіцы Бангладэш, ад куль паліцэйскіх загінулі студэнты – удзельнікі дэманстрацыі ў абарону сваёй роднай мовы бенгалі, якую яны патрабавалі прызнаць адной з дзяржаўных моў краіны. У лютым 2002 года, на сваёй 56-й сесіі, Генеральная асамблея ААН, падкрэсліўшы важнасць культурнай і моўнай разнастайнасці, падтрымала рашэнне ЮНЕСКА аб абвяшчэнні Міжнароднага дня роднай мовы (рэзалюцыя № Α/RES/56/262) і заклікала ўсе дзяржавы спрыяць абароне і захаванню моў народаў свету.

Разнастайнасць моў – гэта велізарны здабытак усёй чалавечай спадчыны, а іх прызнанне і павага – ключ да захавання міру. Бо мова не проста сродак камунікацыі, а неабходная ўмова існавання чалавецтва. У мове замацаваны каштоўнасці, вераванні і самабытнасць кожнага народа. Дзякуючы мове мы перадаём свае вопыт, традыцыі і веды. Яна з’яўляецца інструментам зносін, разважання і ўспрымання, апісвае наша бачанне свету. Мова цесна звязана з гісторыяй этнасу, забяспечвае яго адзінства і становіцца залогам яго арыгінальнасці. Яна фармуе непарыўную сувязь паміж яе носьбітамі і служыць асновай для народа.

Сёння ў свеце налічваецца каля 6 тысяч моў. Па даных ЮНЕСКА, ужо ў бліжэйшы час прыкладна палова з іх могуць страціць сваіх апошніх носьбітаў і цалкам знікнуць. Ва ўсе часы мовы ўзнікалі, існавалі і паміралі, парой бясследна. Але ніколі раней яны не знікалі так імкліва. Кожныя два тыдні знікае адна мова, забіраючы з сабой цэлую культурную і інтэлектуальную спадчыну. Са знікненнем усё большай колькасці моў лінгвістычная разнастайнасць нашай планеты знаходзіцца пад узмоцненай пагрозай.

Адна з найважнейшых мэт Міжнароднага дня роднай мовы – абарона знікаючых моў. Тэма Міжнароднага дня роднай мовы 2019 года – “Мовы карэнных народаў важныя для ўстойлівага развіцця, пабудовы міру і прымірэння”. Сёлета Дзень будзе праводзіцца ў рамках Міжнароднага года моў карэнных народаў.

Беларусь – поліэтнічная дзяржава, у якой пражываюць прадстаўнікі больш за 140 народнасцей. Палітыка нашай дзяржавы заснавана на прызнанні і павазе ўсіх моў, заахвочванні моўнай разнастайнасці і культурных традыцый, якія засноўваюцца на ўзаемаразуменні, талерантнасці і дыялогу. На дзяржаўным узроўні рэалізуецца магчымасць навучання на розных нацыянальных мовах. Дзяржава праводзіць паслядоўную палітыку па падтрымцы і развіцці беларускай мовы, захаванні культурнай спадчыны беларусаў і лепшых рыс беларускага характару.

Прадстаўленыя на выстаўцы матэрыялы, пазнаёмяць чытача з намаганнямі, якія робяцца ўрадамі, установамі сістэмы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, арганізацыямі грамадзянскай супольнасці для захавання, павагі, падтрымкі і абароны моў, асабліва тых, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення.

На выстаўцы прадстаўлена больш за 80 публікацый на рускай, беларускай і англійскай мовах: кнігі, перыядычныя выданні, брашуры, буклеты, мімеаграфаваныя матэрыялы.

Экспазіцыя ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • Мовы і іх роля ў захаванні і развіцці матэрыяльнай і духоўнай спадчыны
  • Міжнародныя нарматыўна-прававыя акты, якія падтрымліваюць развіццё моўнай разнастайнасці
  • Мова, грамадства, адукацыя і праблемы міжкультурнай камунікацыі
  • Мова і шматмоўе ў эпоху глабалізацыі і глабальных камунікацыйных сетак
  • Моўная палітыка і перспектывы развіцця беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь

Выстаўка будзе цікавая лінгвістам, філолагам, супрацоўнікам устаноў культуры і мастацтва, гісторыкам, а таксама шырокаму колу чытачоў, якія цікавяцца моўнай і культурнай разнастайнасцю.

Карысныя спасылкі

Дакументы

Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 34.

Матэрыял прадастаўлены аддзелам абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.

Навіны

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам