ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Бібліятэка як феномен культуры: выніковы дакумент кангрэса
Відэаўрок па асновах пошуку ў вэб-каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Перамагчы дыябет!

Перамагчы дыябет!
Іншыя навіны

З 13 лістапада па 2 снежня ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) працуе тэматычная кніжная выстаўка “Перамагчы дыябет!”, прысвечаная Сусветнаму дню барацьбы з дыябетам.

Упершыню правядзенне гэтага Дня было арганізавана 14 лістапада 1991 года сумеснымі намаганнямі Міжнароднай дыябетычнай федэрацыі і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Дата была абрана як знак прызнання дасягненняў аднаго з адкрывальнікаў інсуліну – канадскага вучонага Фрэдэрыка Банцінга, які нарадзіўся 14 лістапада 1891 года. За гэта адкрыццё ён разам з іншымі навукоўцамі быў уганараваны ў 1923 годзе Нобелеўскай прэміяй.

Усведамляючы значнасць праблемы, Генеральная асамблея ААН 20 лістапада 2006 года прыняла рэзалюцыю A/RES/61/225, у якой імклівы рост колькасці хворых на дыябет быў абвешчаны надзвычайнай пагрозай для ўсёй сусветнай супольнасці. Асамблея пастанавіла штогод адзначаць Сусветны дзень барацьбы з дыябетам пад эгідай ААН пачынаючы з 2007 года.

Генеральная асамблея таксама рэкамендавала дзяржавам-членам распрацаваць нацыянальныя стратэгіі прафілактыкі і лячэння дыябету і догляду за дыябетыкамі, якія суадносяцца з намаганнямі па няўхільным развіцці іх сістэм аховы здароўя, дзе прымаюцца пад увагу ўзгодненыя на міжнародным узроўні мэты развіцця.

Цукровы дыябет – сур’ёзная медыка-сацыяльная праблема XXI стагоддзя. Рост распаўсюджанасці гэтага захворвання ўяўляе рэальную пагрозу ва ўсім свеце. Па даных Сусветнай дыябетычнай федэрацыі, сёння ў свеце больш як 425 млн чалавек жыве з дыябетам. Экспертамі адзначаецца, што колькасць хворых ва ўсіх краінах штогод павялічваецца на 5–7 %, а кожныя 15 гадоў іх колькасць падвойваецца і спыніць гэты прырост пакуль не атрымліваецца. Катастрафічны рост колькасці хворых прымае характар неінфекцыйнай эпідэміі. Паводле прагнозаў у 2040 годзе хворых на цукровы дыябет будзе 642 млн, у тым ліку 540 тыс. дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў.

Штогод у свеце ад дыябету памірае каля 4 млн чалавек. Дыябет як прычына смяротнасці займае 3-е месца ў свеце пасля атэрасклерозу і анкалагічных захворванняў. Гэта хвароба павялічвае смяротнасць насельніцтва ў 2–3 разы і скарачае працягласць жыцця.

Дзякуючы дзейнасці Міжнароднай дыябетычнай федэрацыі Сусветны дзень барацьбы з дыябетам ахоплівае мільёны людзей ва ўсім свеце і аб’ядноўвае дыябетычныя супольнасці 160 краін, яго мэта – павысіць узровень дасведчанасці насельніцтва пра цукровы дыябет і ўскладненні ад яго. Кожны год зацвярджаецца пэўная тэма. Тэма Сусветнага дня барацьбы з дыябетам 2018 і 2019 гадоў – “Сям’я і дыябет”.

Падтрымка сям’і аказвае істотны ўплыў на цячэнне захворвання, спрыяе паляпшэнню стану здароўя дыябетыкаў. Менавіта ў сям’і фарміруюцца асноўныя жыццёвыя навыкі і важныя фактары, звязаныя з ладам жыцця чалавека, якія складаюць аснову прафілактыкі цукровага дыябету.

У Рэспубліцы Беларусь Сусветны дзень дыябету праводзіцца па ініцыятыве Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь з улікам рэкамендацый СААЗ і Міжнароднай федэрацыі дыябету (IDF). У нашай краіне на 1 студзеня 2018 года на дыспансерным уліку знаходзілася 319 756 пацыентаў з цукровым дыябетам. За апошнія 20 гадоў колькасць такіх хворых вырасла ў 3 разы. Дынаміка росту на працягу апошніх 5 гадоў складае 8–10 % на год. Стратэгія лячэння ў Беларусі традыцыйна грунтуецца на аснове міжнародных пагадненняў у галіне дыябеталогіі. Выдадзены шэраг нарматыўных дакументаў, якія рэгламентуюць дыягностыку, лячэнне і маніторынг пацыентаў з цукровым дыябетам.

На выстаўцы прадстаўлена каля 60 дакументаў: кнігі, брашуры і перыядычныя выданні на рускай і англійскай мовах.

Экспазіцыя ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • Міжнародныя рэкамендацыі і стандарты ў галіне аховы здароўя, дзейнасць СААЗ
  • Дыябет: дыягностыка, лячэнне, прафілактыка
  • Ахова здароўя і меры, накіраваныя на барацьбу з дыябетам у Рэспубліцы Беларусь

Выстаўка будзе карысная спецыялістам у галіне аховы здароўя, медыцынскім работнікам, навуковым супрацоўнікам, выкладчыкам, студэнтам вышэйшых навучальных устаноў, а таксама ўсім, хто цікавіцца пытаннямі здаровага ладу жыцця і мерамі, накіраванымі на папярэджанне дыябету і ўскладненняў ад яго.

Карысныя спасылкі

Публікацыі


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 28.

Матэрыял прадастаўлены аддзелам абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.

Навіны

У Маскве адкрылася выстаўка “Сімяон, сын Полацка”

13 Сне 2019

12 снежня ў Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі адкрылася кніжна-ілюстрацыйная выстаўка “Сімяон, сын Полацка”, прысвечаная 390-годдзю з дня нараджэння дзяржаўнага, царкоўнага і культурнага дзеяча Беларусі і Расіі.

Кніжныя выстаўкі

“Школа даследчыка” навучыць, дзе і як шукаць літаратуру

13 Сне 2019

Нацыянальная бібліятэка Беларусі валодае шырокім спектрам электронных інфармацыйных рэсурсаў, якія адлюстроўваюць не толькі нашы фонды і фонды іншых бібліятэк, але і дзясяткі мільёнаў лепшых сусветных публікацый з ліцэнзійных баз даных.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Доўгая дарога да дома Караткевіча

13 Сне 2019

Адзін з найзначнейшых юбілеяў, якія будуць адзначацца ў надыходзячым 2020-м — 90-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Як налета збіраюцца ўшанаваць памяць аб славутым земляку на ягонай малой радзіме — пакрысе высвятляецца ўжо сёння.

Навіны бібліятэк

Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці атрымае феномен “Паўлінкі” Купалаўскага тэатра

12 Сне 2019

Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці атрымае тэатральны феномен спектакля “Паўлінка” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Такую прапанову сёння падтрымаў Беларускі рэспубліканскі навукова-метадычны савет па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, паведамілі ў Мінкульце.

Навіны бібліятэк

Пра беларускіх ілюстратараў, якія прысвяцілі талент Яе Вялікасці Кнізе

11 Сне 2019

“Я не самотны, я кнігу маю…” – невыпадкова радок з верша Максіма Багдановіча прагучаў на ўрачыстай прэзентацыі кнігі журналіста Вольгі Паўлючэнкі “Малюнак пад кніжнай вокладкай”, якая адбылася 10 снежня ў бібліятэцы.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111