ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Візіт дэлегацыі Карэліі
Сэрца, поўнае дабрыні

Паэзія паўсядзённасці: мастацтва “малых галандцаў”

Паэзія паўсядзённасці: мастацтва “малых галандцаў”
Іншыя навіны

З 8 снежня па 8 студзеня ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306) праходзіць кніжна-ілюстрацыйная выстава “Паэзія штодзённасці: мастацтва «малых галандцаў»” з калекцыі выяўленчых дакументаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

ХVII стагоддзе лічыцца Залатым векам Галандыі, найвышэйшым росквітам ва ўсіх сферах жыцця: эканоміцы і гандлі, навуцы і адукацыі, культуры і мастацтве. Імкліваму ўзлёту спрыяла перамога галандцаў над магутнай абсалютысцкай Іспаніяй у нацыянальна-рэлігійных войнах (1572–1609 і 1621–1648 гг.). Стаўшы незалежнай, Галандыя, будучы адной з самых маленькіх краін Еўропы, на вачах ператварылася ў найбагацейшую і магутную дзяржаву. У ХVII стагоддзі тут адчыніўся Лейдэнскі ўніверсітэт, тварылі філосафы і вучоныя: Рэнэ Дэкарт, Бенедыкт Спіноза, Антоні ван Левенгук. Небывалага росквіту дасягнула мастацтва, паўстаў свабодны мастацкі рынак, з’явіўся неверагодны попыт на творы жывапісу. У ХVII стагоддзі ў Галандыі пачаўся сапраўдны жывапісны бум: на кожную тысячу чалавек невялікага насельніцтва краіны прыходзіўся адзін мастак, а ўсяго налічвалася каля дзвюх тысяч мастакоў сусветнага ўзроўню майстэрства! Такая шматлікасць таленавітых імёнаў, якія тварылі ў адной краіне ў перыяд аднаго стагоддзя, не мае аналагаў да гэтага часу.

Галоўнымі заказчыкамі карцін сталі бюргеры, г. зн. простыя гараджане, рамеснікі і нават заможныя сяляне, якія ўпрыгожвалі інтэр’еры сваіх дамоў творамі жывапісу. Арыентуючыся на густы публікі і страціўшы заказчыкаў сярод каранаваных асоб і служыцеляў царквы, мастакі адмовіліся ад рэлігійных і міфалагічных тэм і звярнуліся да вобразаў штодзённасці: бытавых сюжэтаў, нацюрмортаў, гарадскіх відаў. У гісторыі мастацтваў прынята называць гэтых майстроў “малымі галандцамі” ў сувязі з камерным характарам іх творчасці і невялікім памерам карцін, закліканых упрыгожваць бюргерскія дамы. Для іх жывапісу характэрна пільная ўвага да дэталяў, тонкасць пісьма, прыгажосць каларыстычных і светлавых нюансаў, паказ жыцця без прыкрас.

На выставе прадстаўлены шматлікія рэпрадукцыі карцін “малых галандцаў”. Экспазіцыя выбудавана ў адпаведнасці з жанрамі, у якіх тварылі мастакі: бытавы, нацюрморт, пейзаж, партрэт і іншыя. Цікавасць выклічуць працы, якія прадстаўляюць бытавыя сцэны ва ўтульных галандскіх інтэр’ерах: “Гаспадыня і служанка” Пітэра дэ Хоха, “Пачастунак вустрыцамі” Габрыэля Метсю, “Келіх ліманаду” Герарда Тэрборха, “Раніца маладой дамы” Франса ван Мірыса Старэйшага, “Гулякі” Яна Стэна. Сцэны сялянскага побыту паўстануць у працах Адрыяна ван Астадэ “Вясковыя музыкі”, “Бойка”.

Halandcy-mal-7.jpg

Варта ўбачыць дзіўную разнастайнасць знакамітых нацюрмортаў “малых галандцаў”: “сняданкі”, “дэсерты”, “кухонныя”, “рыбныя”, “паляўнічыя” нацюрморты. Перад наведвальнікамі паўстануць выявы раскошнага посуду, вытанчаных страў, сакавітых пладоў, кветкавага хараства, бітай дзічыны, кухоннага начыння... Гэтыя вобразы захавалі майстры галандскага нацюрморта – Вілем Кальф, Пітэр Клас, Вілем Клас Хеда, Ян Давідс дэ Хем, Ян ван Хейсум і многія іншыя. Удумлівага сузірання заслугоўваюць алегарычныя нацюрморты “vanitas” (“марнасць”), напоўненыя сімваламі хуткабежнасці зямнога жыцця і яго непазбежнага завяршэння. Традыцыйныя тут выявы чэрапа, засохлых кветак, гнілой садавіны, пясочных гадзіннікаў, згаслай свечкі, люстэркаў, старых кніжных старонак…

Адчуванне паэзіі простых матываў з дзюнамі, млынамі, марскімі партамі, раўнінамі, лясамі і пагоркамі характэрна для галандскага пейзажу ХVII стагоддзя. “Адпраўляючыся на загарадны шпацыр, любуючыся наваколлем, мы часцей за ўсё і не здагадваемся, што гэту асалоду падарылі нам сціплыя мастакі, названыя «малымі галандцамі»”, – пісаў вядомы мастацтвазнаўца Эрнст Гомбрых. Наведвальнікі пазнаёмяцца з творчасцю майстроў пейзажу Якаба ван Рэйсдала, Яна ван Гоена, Мейндэрта Хабемы, Альберта Кейпа, Хендрыка Аверкампа, марынамі Яна Парселіса. Будзе цікавы і жанр “пейзаж з жывёламі” пэндзля Паўлюса Потэра.

Асаблівую ўвагу прыцягнуць рэпрадукцыі карцін вялікага “малога галандца” Яна Вермеера Дэлфцкага, які паэтызаваў вобразы паўсядзённага жыцця галандцаў і падняў бытавы жанр на неперасягненую мастацкую вышыню. “Дзяўчына з лістом”, “Майстэрня жывапісца”, “Дзяўчына з жамчужнай завушніцай”, “Служанка са збанам малака”, “Астраном” і “Географ”, прадстаўленыя ў экспазіцыі, захопяць гульнёй святла і ценю, яркімі каляровымі знаходкамі – ультрамарынам і мноствам адценняў жоўтага, эфектам свячэння, дасягнутым з дапамогай камеры-абскуры, якой карыстаўся майстар.

Дапаўняюць выставу кнігі і артыкулы пра мастацтва “малых галандцаў”: даследаванні мастацтвазнаўцаў А. Фехнер, Ю. Тарасава, Ю. Кузняцова, Н. Геташвілі, Я. Ратэнберга, якія дапамогуць прыадкрыць сакрэты майстэрства гэтых выбітных мастакоў.


Спіс літаратуры

Час работы выставы адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 53.

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам