ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Літаратурны вечар з гісторыяй
Снягурка

Настаўнік. Воін. Пісьменнік

Настаўнік. Воін. Пісьменнік
Іншыя навіны

З 17 снежня па 19 студзеня ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць выстаўка “Настаўнік. Воін. Пісьменнік”, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння беларускага пісьменніка Аляксея Мікалаевіча Кулакоўскага (1913–1986).


Для творчасці заслужанага дзеяча культуры Беларусі (1974), лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986) А. Кулакоўскага характэрна неадрыўная сувязь з жыццём, канкрэтнымі падзеямі, мясцінамі, фактамі – невыпадкова І. Шамякін ахарактарызаваў яго як бытапісца. Самымі значнымі ў творчай біяграфіі пісьменніка сталі раманы дылогіі “Расстаёмся ненадоўга”, “Сустрэча на ростанях”, у якіх раскрыўся эпічны талент пісьменніка, а таксама аповесць “Нявестка”, якая стала самым мастацка дасканалым творам аўтара. Па матывах аповесці А. Макаёнак напісаў сцэнарый да мастацкага фільма “Шчасце трэба берагчы”, які быў пастаўлены ў 1958 г.

Галоўнай тэмай творчасці А. Кулакоўскага ў пасляваенныя дзесяцігоддзі стала тэма вайны, удзельнікам якой быў сам аўтар. Пісьменнік стаў адным з першых, хто раскрыў яе будзённасць і непаказны гераізм радавых салдат. Дылогія “Расстаёмся ненадоўга” і “Сустрэча на ростанях”, раман “Сцежкі зведаныя і нязведаныя”, аповесці “Белы сокал”, “Да ўсходу сонца”, “Маршрут да Клічава”, “Твой шлях перад табою”, “Хлебарэз”, шматлікія апавяданні сталі творчым укладам пісьменніка ў мастацкі летапіс Вялікай Айчыннай вайны, як і літаратурны запіс успамінаў аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Героя Савецкага Саюза (1942) В. Казлова “Людзі асобага складу”.

Побач з ваеннай тэматыкай увагу пісьменніка прыцягвала рэальнае жыццё сучаснікаў, аб якім ён проста і шчыра расказаў у аповесцях “Дабрасельцы”, зборніках “Новыя сустрэчы”, “Хораша ўзыходзіць сонца”, “Незабыўнае рэха” і інш.

Пісаў А. Кулакоўскі і для дзяцей, якім адрасаваў апавяданні і аповесці.

Сучаснаму чытачу творы пісьменніка цікавы жыццёвай праўдай, павагай і любоўю да простага чалавека, увагай да яго ўнутранага стану, які ён умела раскрываў, ствараючы выразныя псіхалагічныя партрэты сваіх герояў.

На выстаўцы прадстаўлены Збор твораў, “Выбраныя творы”, зборнікі і асобныя выданні аповесцей і апавяданняў, першыя публікацыі аўтара ў перыядычных выданнях, асобныя нумары часопіса “Маладосць”, галоўным рэдактарам якога ён быў у 1953–1958 гг., калектыўныя зборнікі, у якія ўвайшлі творы пісьменніка. Некаторыя з іх былі выдадзены ў Празе, Лодзі, Сафіі.

На паліцы – беларускамоўныя выданні раманаў Р. Файзі “Яго вялікасць Чалавек” і Ш. Рашыдава “Мацней за буру” (у суаўтарстве з П. Кавалёвым), якія знаёмяць з А. Кулакоўскім як перакладчыкам.

Шырокае адлюстраванне ў экспазіцыі знайшлі матэрыялы пра творчасць Аляксея Мікалаевіча, кожны яго новы твор прыцягваў увагу крытыкаў, літаратуразнаўцаў, таварышаў па пяру: І. Шамякіна, І. Мележа, М. Лынькова, А. Адамовіча, В. Жураўлёва, П. Дзюбайлу і інш. Творчасць пісьменніка ў свой час стала прадметам дысертацыйнага даследавання С. Гусака, вынікам якога стаў крытыка-біяграфічны нарыс “Аляксей Кулакоўскі” (1967). Побач з артыкуламі, водгукамі, літаратуразнаўчымі матэрыяламі на выстаўцы экспануюцца ўспаміны пра А. Кулакоўскага.

Выстаўка ілюстравана фотаздымкамі і налічвае звыш за 100 дакументаў.

Кантактны тэлефон: (8 017) 293 27 16.

Спіс літаратуры

Навіны

Патрыятычны дэсант мінскіх школ у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

15 Кра 2024

11 красавіка для навучэнцаў 6-х і 10–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (6 кл.), “Воіны-інтэрнацыяналісты ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” (10 кл.), “Брэсцкая крэпасць-герой” (11 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

НАН Беларусі аб’явіла рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаны Году якасці

15 Кра 2024

Арганізатарам конкурсу выступае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, якая запрашае да ўдзелу школьную, студэнцкую і рабочую моладзь, творчых людзей, навукоўцаў, прадстаўнікоў вышэйшай школы, настаўнікаў, дзеячаў культуры, аспірантаў і магістрантаў. Удзельнікамі конкурсу могуць быць як асобныя грамадзяне, так і аўтарскія калектывы.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр

15 Кра 2024

Калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведаў Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр – адзіны дзеючы манастыр горада Мінска, галоўная мэта якога – духоўная і сацыяльная дапамога хворым і пакутным людзям.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Яны сталі першымі беларусамі, якія былі ўдастоены звання Герояў Савецкага Саюза

16 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна камандзіру танкавага ўзвода, лейтэнанту Мікалаю Аляксандравічу Сяліцкаму (1907–1936) і камандзіру танка Паўлу Емяльянавічу Купрыянаву (1908–1936) прысвоена Пастановай Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Саюза ССР ад 31 снежня 1936 года “за ўзорнае выкананне спецыяльных і цяжкіх заданняў Урада па ўмацаванні абароннай моцы Савецкага Саюза і праяўлены ў гэтай справе гераізм” (пасмяротна).

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

Бібліятэкарам