ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Да 100-годдзя з дня нараджэння Г.А. Анціпавай
Гары Потэр па-беларуску. Якую папулярную замежную літаратуру можна знайсці ў кнігарнях?

Насельніцтва Зямлі: прагнозы, тэндэнцыі, праблемы

Насельніцтва Зямлі: прагнозы, тэндэнцыі, праблемы
Іншыя навіны

З 1 ліпеня па 5 жніўня ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) адкрыта тэматычная выстава “Насельніцтва Зямлі: прагнозы, тэндэнцыі, праблемы”, прысвечаная Сусветнаму дню народанасельніцтва.

Гэты Дзень штогод адзначаецца 11 ліпеня паводле рашэння Савета кіравання Праграмы развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (Рашэнне ПРААН 89/46, п.21). Упершыню ён праводзіўся ў ліпені 1987 года і быў прысвечаны з’яўленню пяцімільярднага жыхара планеты.

Мэта яго правядзення – прыцягнуць увагу грамадскасці да пытанняў народанасельніцтва, праграм агульнага развіцця насельніцтва, а таксама дэмаграфічных праблем у свеце.

Агульная колькасць жыхароў нашай планеты імкліва расце з кожным годам. Насельніцтва свету з 1960 па 1999 год павялічылася больш чым удвая і ў кастрычніку 1999 года перайшло адзнаку ў 6 млрд. У 2011 годзе колькасць насельніцтва дасягнула адзнакі ў 7 млрд чалавек. Сёння насельніцтва свету, колькасць якога на 1 студзеня 2020 склала 7,7 млрд чалавек, працягвае расці і да 2050 года павялічыцца прыкладна да 11 млрд чалавек.

Імклівы рост і мабільнасць насельніцтва, старэнне і ўрбанізацыя – гэтыя беспрэцэдэнтныя дэмаграфічныя змены ў свеце абяцаюць вялізныя магчымасці, але адначасова – і сур’ёзныя праблемы. Актыўны рост насельніцтва адбіваецца на стане экалогіі, прыродных рэсурсах, сацыяльна-эканамічным развіцці. Шматлікія крызісы – харчовы, паліўны, экалагічны, фінансавы – ствараюць значныя праблемы і схіляюць сусветную супольнасць да ўсведамлення неабходнасці надаваць значна больш увагі дэмаграфічным праблемам і асноўным элементам устойлівага развіцця.

Сусветны дзень народанасельніцтва заклікае жыхароў Зямлі не дапусціць спусташэння планеты, засяродзіцца на пошуку аптымальных шляхоў вырашэння існуючай дэмаграфічнай сітуацыі і забяспечыць годны ўзровень жыцця і здароўя кожнага жыхара планеты.

У 1969 годзе ў сістэме ААН было створана спецыялізаванае міжнароднае агенцтва – Фонд Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА). Фонд кіруе аператыўнай дзейнасцю сістэмы ААН у галіне народанасельніцтва, дапамагаючы краінам, якія развіваюцца, і краінам з пераходнай эканомікай у пошуку вырашэння іх дэмаграфічных праблем.

Супрацоўніцтва Беларусі з ЮНФПА пачалося ў 1994 годзе. У сваёй працы фонд грунтуецца на нацыянальных прыярытэтах і цесна супрацоўнічае з урадам Рэспублікі Беларусь, агенцтвамі сістэмы ААН, грамадскімі арганізацыямі, міжнароднымі і нацыянальнымі экспертамі. Супрацоўніцтва нашай дзяржавы і ЮНФПА адрозніваецца стабільнай станоўчай дынамікай. У цяперашні час рэалізуецца другая краінавая праграма ЮНФПА для Беларусі на 2016–2020 гады з бюджэтам 3,7 млн долараў ЗША. Яе прыярытэтныя кампаненты – народанасельніцтва і развіццё, гендарная роўнасць, рэпрадуктыўнае здароўе. Беларусь і ЮНФПА пашыраюць напрамкі супрацоўніцтва і лічаць перспектыўнай працу па тэматыцы старэння насельніцтва, а таксама падтрымкі людзей з інваліднасцю.

Прапанаваная ўвазе чытачоў і наведвальнікаў бібліятэкі экспазіцыя знаёміць з дэмаграфічнымі тэндэнцыямі, ацэнкамі і прагнозамі ў галіне народанасельніцтва, а таксама з сусветнай дэмаграфічнай статыстыкай і палітыкай па пытаннях народанасельніцтва.

Выстава ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • Колькасць насельніцтва і дэмаграфічныя тэндэнцыі: сусветныя статыстычныя даныя
  • Насельніцтва свету: гісторыя, праблемы, даследаванні. Дзейнасць ЮНФПА
  • Народанасельніцтва, навакольнае асяроддзе, адукацыя і ўстойлівае развіццё
  • Дэмаграфічная сітуацыя і чалавечы капітал Рэспублікі Беларусь

Экспазіцыя налічвае каля 100 дакументаў: кнігі, брашуры, перыядычныя выданні, мімеаграфіраваныя матэрыялы. Большую частку выставы складаюць дакументы міжнародных арганізацый на рускай і англійскай мовах.

Выстаўка будзе цікавая выкладчыкам, аспірантам і студэнтам вышэйшых навучальных устаноў гуманітарнага і эканамічнага профіляў, навуковым работнікам, спецыялістам у галіне дэмаграфіі, сацыёлагам, работнікам органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама ўсім, хто цікавіцца сацыяльна-дэмаграфічнымі і сацыяльна-эканамічнымі праблемамі.

Карысныя спасылкі

Дакументы

Асноўныя агляды і даклады ААН у эканамічнай і сацыяльнай галінах:


Час работы выставы адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 34.

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам