ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Выстаўка Томаса і Дзіяны Рудокасаў
Аб далучэнні Беларусі да інфармацыйнай сістэмы “Кампендыум”

Наркотыкі – сучасная глабальная пагроза

Наркотыкі – сучасная глабальная пагроза
Іншыя навіны

З 18 чэрвеня па 16 ліпеня ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта выстаўка “Наркотыкі – сучасная глабальная пагроза”.


Выстаўка прысвечана Міжнароднаму дню барацьбы супраць злоўжывання наркатычных сродкаў і іх незаконнага абарачэння, які быў абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН 7 снежня 1987 года (рэзалюцыя 42/112) і штогод адзначаецца 26 чэрвеня.

Гісторыя барацьбы супраць распаўсюджвання наркотыкаў або, па крайняй меры, спроб неяк кантраляваць іх абарачэнне налічвае ўжо больш за 100 гадоў. У лютым 1909 года Шанхайская опіумная камісія, у рабоце якой ўзялі ўдзел 13 краін, спрабавала знайсці шляхі абмежавання ўвозу наркотыкаў з азіяцкіх краін. Сёння, праз сто гадоў, наша грамадства па-ранейшаму далёкае ад рашэння праблемы. Яна стала толькі вастрэйшая. На месца опіуму для курэння прыйшлі “цяжкія” наркотыкі для ўнутрывеннага ўжывання, распаўсюджанасць наркаманіі расце, хвароба маладзее. Па даных ААН, на сённяшні дзень ва ўсім свеце прымаюць наркотыкі больш як 210 мільёнаў чалавек ва ўзросце ад 14 да 64 гадоў. З-за наркотыкаў штогод гіне каля 200 тысяч чалавек.

Наркагандаль, які калісьці ўспрымаўся як сацыяльная і крымінальная праблема, за апошнія гады ператварыўся ў сур’ёзную глабальную пагрозу, што стала адной з галоўных пагроз XXI стагоддзя. Згубная сіла наркотыкаў разбурае жыцці людзей, не лічачыся ні з дзяржаўнымі межамі, ні з узростам, ні з сацыяльным становішчам. У 1998 годзе, пад час сваёй спецыяльнай сесіі, прысвечанай сумеснай барацьбе супраць сусветнай праблемы наркотыкаў, Генеральная Асамблея прыняла Палітычную дэкларацыю па барацьбе супраць наркотыкаў, у якой у прыватнасці гаворыцца: “Наркотыкі з’яўляюцца сур’ёзнай небяспекай для здароўя і дабрабыту ўсяго чалавецтва, незалежнасці дзяржаў, дэмакратыі, структуры ўсіх грамадстваў, а таксама годнасці і надзей мільёнаў людзей і іх сем’яў. Яны наносяць шкоду сацыяльна-эканамічнай і палітычнай стабільнасці грамадства і яго ўстойліваму развіццю”.

Спажыванне наркотыкаў вядзе да страты заробку, рэзкага росту выдаткаў на ахову здароўя, распаду сем’яў і пагаршэння атмасферы там, дзе жывуць наркаманы. Унутрывеннае ўвядзенне наркотыкаў прыводзіць да хуткага распаўсюджвання ВІЧ/СНІДу і гепатыту. Існуе прамая сувязь паміж наркотыкамі і павышэннем узроўню злачыннасці і насілля. Наркакартэлі падрываюць работу ўрадавых органаў і карумпіруюць законны бізнес. Цана наркаманіі з пункту гледжання фінансавых і сацыяльных выдаткаў велізарны. Агромністыя сумы расходуюцца кожны год на ўмацаванне паліцыі, пагранічных сіл, судовых сістэм, а таксама на праграмы лячэння і рэабілітацыі наркаманаў.

Разумеючы ўсю вастрыню пагрозы, ААН сур’ёзна займаецца міжнародным кантролем над наркотыкамі. З гэтай мэтай створана Камісія па наркатычных сродках, якая служыць галоўным міжурадавым органам па выпрацоўцы палітыкі і каардынуючым органам па міжнародным кантролі над наркотыкамі. Маючы ў сваім складзе 53 дзяржавы-члены, у тым ліку і Беларусь, камісія аналізуе сітуацыю з наркаманіяй у сусветным маштабе і рыхтуе прапановы па ўзмацненні міжнароднага кантролю над наркотыкамі.

Распаўсюджванне наркаманіі ў Рэспубліцы Беларусь, як і ў іншых краінах, з’яўляецца глабальнай пагрозай здароўю насельніцтва, эканоміцы краіны, правапарадку і бяспецы дзяржавы. На сённяшні момант рэалізуюцца мерапрыемствы Дзяржаўнай праграмы комплексных мер процідзеяння наркаманіі, незаконнаму абарачэнню наркотыкаў і звязаным з імі правапарушэнням у Рэспубліцы Беларусь на 2009–2013 гады. Беларусь з’яўляецца краінай – удзельніцай Адзінай канвенцыі аб наркатычных сродках, Канвенцыі аб псіхатропных рэчывах, а таксама Канвенцыі ААН аб барацьбе супраць незаконнага абарачэння наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. З гэтымі дакументамі можна азнаёміцца на прадстаўленай выстаўцы.

Выстаўка складаецца з наступных раздзелаў:

  • наркотыкі і грамадства: гістарычны нарыс;
  • прававыя меры процідзеяння незаконнаму абарачэнню наркотыкаў і міжнародны кантроль над іх распаўсюджваннем;
  • папярэджанне і прафілактыка наркаманіі, лячэнне і рэабілітацыя нарказалежнасці;
  • барацьба супраць наркаўжывання і незаконнага абарачэння наркотыкаў у Рэспубліцы Беларусь.

У экспазіцыі прадстаўлена звыш 60 дакументаў на рускай, нямецкай, французскай і англійскай мовах. У асноўным гэта дакументы міжнародных арганізацый: кнігі, перыядычныя выданні, мімеаграфаваныя матэрыялы ААН (мастхед), брашуры.

Выстаўка адрасуецца сацыяльным і медыцынскім работнікам, супрацоўнікам праваахоўных органаў, выкладчыкам і студэнтам, педагогам і бацькам, а таксама ўсім, хто цікавіцца праблемамі наркаманіі.

Карысныя спасылкі

Дакументы

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам