ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Сям'я, у якой усе мастакі
Адкрыты доступ да галіновай бібліятэкі Routledge Music Online

На шляху да ісціны

На шляху да ісціны
Іншыя навіны

З 18 па 28 студзеня ў зале беларускай літаратуры арганізавана юбілейная выстаўка “На шляху да ісціны”, прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння Міхася (Міхаіла Іосіфавіча) Мушынскага.


М. І. Мушынскі, знакаміты літаратуразнавец, крытык, тэкстолаг, абраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі, з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1980), доктарам філалагічных навук, прафесарам.

У экспазіцыі больш за 110 дакументаў, якія сістэматызаваны ў тры раздзелы. У першым раздзеле – “Адданасць прызванню” – змешчаны работы вучонага, у якіх раскрыты найбольш характэрныя асаблівасці этапаў развіцця гісторыі беларускай крытыкі, літаратуразнаўства, а таксама яго даследаванні пра жыццё і творчасць беларускіх пісьменнікаў Я. Коласа, М. Гарэцкага, М. Зарэцкага і інш. На выставачных паліцах дэманструюцца кнігі Міхаіла Іосіфавіча “Ад задумы да здзяйснення: творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі»” (1965), “Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20–30-я гады” (1975), “Якуб Колас. Летапіс жыцця і творчасці” (1982), “І нічога, апроч праўды: якой быць «Гісторыі беларускай літаратуры»” (1990), “Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага” (2005), “Тэксталогія твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа”, “Падзвіжнік з Малой Багацькаўкі: жыццёвы і творчы шлях Максіма Гарэцкага” (2008), “Мае Каласавіны” (2010) і інш.

Цікавасць для чытачоў мае і другі раздзел экспазіцыі – “Ад задумы да здзяйснення”, – дзе знаходзяцца грунтоўныя шматтомныя выданні класікаў беларускай літаратуры, у якіх змешчаны прадмовы і каментарыі М.І. Мушынскага. Значнае месца ў экспазіцыі займаюць зборнікі калектыўных работ і матэрыялаў навуковых канферэнцый, а таксама перыядычныя выданні з артыкуламі аўтара. Экспаніруюцца дакументы, над якімі Міхаіл Іосіфавіч працаваў у якасці складальніка і рэдактара.

Міхаіл Іосіфавіч Мушынскі як таленавіты навуковец хутка і чуйна рэагуе на літаратуразнаўчыя праблемы. Асобны раздзел – “Нястомны даследчык” – расказвае пра жыццёвы шлях і навуковую дзейнасць юбіляра.

Кантактны тэлефон: 293-27-16.

           

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам