ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
“Гануся, сардэнька, маё ты каханне”
Творчыя заняткі “Сланечнік”

Мроі ў садах Версаля

Мроі ў садах Версаля
Іншыя навіны

Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Мроі ў садах Версаля”, прысвечаная 320-годдзю з дня нараджэння французскага мастака Франсуа Бушэ (1703–1770), праходзіць з 25 верасня па 29 кастрычніка ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).

Яркі прадстаўнік стылю ракако, бліскучы жывапісец і рысавальшчык, гравёр і мастак-дэкаратар, аўтар міфалагічных, алегарычных і біблейскіх сюжэтаў, майстар жанравых сцэн, пастаралей і партрэтаў – Франсуа Бушэ з’яўляўся цэнтральнай фігурай у культурным жыцці Францыі ХVIII стагоддзя. Пра лёс мастака і яго асобу вядома няшмат: захаваліся звесткі пра тое, што ён высока цаніў кампанію культурных людзей, добра ведаў літаратуру, быў звязаны з вядомымі тэатральнымі дзеячамі і драматургамі, лічыўся фаварытам каралёў і прадстаўнікоў вышэйшага свету, карыстаўся пашанай, меў званне прыдворнага мастака. Яго творамі ўпрыгожвалі свае рэзідэнцыі вядомыя гістарычныя асобы – Фрыдрых II Прускі, шведская прынцэса Лавіза Ульрыка, апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Мастак пакінуў грандыёзную творчую спадчыну, у якой ёсць месца не толькі маляўнічым палотнам, але і карцінам для каралеўскіх шпалерных мануфактур, кніжным ілюстрацыям, роспісам веераў і сеўрскага фарфору, дэкарацыям да опер і спектакляў. Аднак стаўленне сучаснікаў да мастацтва Бушэ насіла супярэчлівы і дваісты характар. Так, адны адзначалі ў яго палотнах адыход ад адлюстравання рэальнага жыцця, празмерную тэатральнасць, какецтва і фрывольнасць, а карціны майстра называлі “манернымі”. Іншыя ж захапляліся яго майстэрствам, знаходзячы ў ім незвычайнае зачараванне, свет мар і рамантыкі. Тым не менш шматгранны талент мастака працягвае здзіўляць і ў наш час, бо яго пэндзлю былі падуладныя амаль усе жанры і віды мастацтва, вобразы і сюжэты, матэрыялы і тэхнікі. “Бушэ быў народжаны мастаком. Мала хто мог бы параўнацца з ім у майстэрстве. Можна сказаць, што ён быў народжаны з пэндзлем у руцэ”, – пісаў гісторык мастацтва, мецэнат і калекцыянер П’ер Жан Марыэт.

На выставе прадстаўлены рэпрадукцыі лепшых твораў Франсуа Бушэ. Зачароўваюць міфалагічныя сюжэты, поўныя грацыі і пачуццёвасці, прасветленасці каларыстычных рашэнняў, багатыя лесіроўкамі, яны захапляюць прыгажосцю цел німф і бесклапотнасцю гарэзлівых амураў. Сярод іх – “Пігмаліён і Галатэя”, “Геркулес і Амфала”, “Туалет Венеры”, “Дыяна пасля купання”, “Юпітэр і Каліста”. Абстаноўку жаночага будуара, вытанчанасць ракайльных інтэр’ераў ХVIII стагоддзя, побыт і заняткі дам вышэйшага свету мы можам уявіць, сузіраючы працы “Мадыстка. Раніца”, “Сняданак”, “Сюрпрыз”. Ацаніць талент Бушэ-партрэтыста лёгка дзякуючы разнастайнасці “жаночых галовак”, а ад яго майстэрства ў адлюстраванні фактуры тканін і хараства ўбранняў эпохі Асветы можна атрымаць асалоду, убачыўшы партрэты маркізы дэ Пампадур, апякункі мастака.

Франсуа Бушэ – майстар пастаралі (ад франц. pastorale – “пастухоўскі, сельскі”) – жанру, распаўсюджанага ў французскім мастацтве ХVIII стагоддзя, які паэтызуе простае сельскае жыццё, яго камернасць і непераборлівасць. У экспазіцыі прадстаўлены рэпрадукцыі палотнаў “Пастухоўская сцэна”, “Закаханы пастушок”, “Адпачынак фермераў”, у якіх мастак адлюстраваў прадметы сельскага побыту, фігуры жывёл, перадаў бесклапотнасць і прастадушнасць юных пастушкоў і пастушак. Мастак быў вядомы як пейзажыст. Падарожнічаючы па свеце, ён шмат пісаў з натуры. Выстава пазнаёміць з такімі працамі, як “Пейзаж у ваколіцах Бавэ”, “Млын у Шарантоне”, “Пераправа па мосце” і іншымі. Выключны рысавальшчык, Бушэ пакінуў мноства малюнкаў і накідаў з натуры, частка з якіх прадстаўлена на выставе.

Дапаўняюць экспазіцыю каталогі выстаў, артыкулы пра мастака мастацтвазнаўцаў А. Фядотавай, І. Нямілавай, Н. Шварцмана, якія дапамогуць зразумець асаблівасці творчасці Ф. Бушэ і ацаніць яго ролю ў гісторыі сусветнага мастацтва.

У зале дакументаў па мастацтве (пам. 306) рэгулярна праходзяць кніжныя выставы “Юбіляры месяца”, прысвечаныя юбілейным датам вядомых дзеячаў беларускага мастацтва. У кастрычніку запрашаем наведаць экспазіцыі, прымеркаваныя да 130-годдзя з дня нараджэння акцёра тэатра і кіно Уладзіміра Уладамірскага (1893–1971); 90-годдзя з дня нараджэння жывапісца і графіка Нінэль Шчаснай (1933–2013); 90-годдзя з дня нараджэння кінарэжысёра і сцэнарыста Ігара Дабралюбава (1933–2010); 75-годдзя жывапісца Алега Скавародкі (н. 1948).

Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 53.

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.

Навіны

У бібліятэцы адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя

7 Сне 2023

7 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, прымеркаваная да 75-годдзя з дня прыняцця 9 снежня 1948 г. Канвенцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Зімовыя карункі

8 Сне 2023

Святочная выстава “Зімовыя карункі”, прымеркаваная да Новага года і Каляд, працуе з 8 снежня ў кальцавой галерэі 2-га паверха.

Кніжныя выстаўкі

Жыў-быў сабака: вобраз сабакі ў творах мастацтва

7 Сне 2023

Кніжна-ілюстрацыйная выстава “Жыў-быў сабака: вобраз сабакі ў творах мастацтва” з калекцыі выяўленчых дакументаў Нацыянальнай бібліятэкі праходзіць з 7 снежня па 4 студзеня ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).

Кніжныя выстаўкі

Лічбавізацыя як трэнд бібліятэчнага развіцця – у эфіры “ЯСНАе TV”

4 Сне 2023

Дзякуючы сучасным IT-рашэнням мяняюцца прынцыпы бібліятэчнай працы: пачынаючы са спосабаў абслугоўвання чытачоў, заканчваючы ўнутранымі кіраўнічымі механікамі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Практычныя заняткі па рабоце з Банкам звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь

5 Сне 2023

1 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы прайшлі практычныя заняткі па рабоце з дзяржаўным інфармацыйным рэсурсам “Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь” для кіраўнікоў і спецыялістаў адміністрацый раёнаў г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам