ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Творчая заняткі “Каляровыя фантазіі”
Экскурсія да Міжнароднага дня сям’і

Майстру кніжнай графікі прысвячаецца

Майстру кніжнай графікі прысвячаецца
Іншыя навіны

З 16 мая ў бібліятэцы працуе выстава, прысвечаная 125-годдзю з дня нараджэння беларускага мастака, патрыярха беларускай каляровай лінагравюры, аднаго з заснавальнікаў нацыянальнай кніжнай графікі, вядомага майстра экслібрыса Анатоля Мікалаевіча Тычыны (1897–1986).

Майстар працаваў у кніжнай, станковай, газетна-часопіснай графіцы, у розных тэхніках, пераважна ў каляровай лінагравюры, а таксама ў алейным жывапісе. Анатоль Мікалаевіч – аўтар сапраўдных графічных шэдэўраў, прысвечаных Мінску. У 1920–1940-я гг. ім было створана больш за 50 экслібрысаў для прыватных кніжных збораў беларускай інтэлігенцыі.

Выстава прысвечана жыццёваму шляху і творчай спадчыне мастака. Першы раздзел асвятляе асноўныя этапы яго дзейнасці праз выданні пра жыццё і творчасць аўтара, каталогі выстаў, у якіх ён удзельнічаў, а таксама эстампы з фонду бібліятэкі. Сярод іх – каталогі Усебеларускіх мастацкіх выстаў пачынаючы з 1920-х гг., юбілейныя каталогі персанальных выстаў і іншыя. У шэрагу гэтых выданняў А. Тычына з’яўляецца і стваральнікам мастацкага афармлення. Асаблівую цікавасць прадстаўляюць выяўленчыя матэрыялы, якія адлюстроўваюць памятныя мясціны Мінска, такія як плошча каля Дома ўраду з помнікам У.І. Леніну, Вакзальная плошча, парк Горкага, помнік М. Казею. Асаблівую каштоўнасць уяўляюць работы з уласным подпісам мастака.

Другі раздзел экспазіцыі прысвечаны майстэрству кніжнай графікі. Сапраўднымі дасягненнямі ў мастацтве афармлення кнігі адзначаны перыяд актыўнага супрацоўніцтва мастака з Дзяржаўным выдавецтвам БССР. Дэманструюцца лепшыя выданні, вокладкі і ілюстрацыі да якіх стварыў А. Тычына. Гэта творы такіх беларускіх майстроў слова, як Я. Колас, Я. Купала, Я. Маўр, П. Глебка, А. Дудар, З. Бядуля, А. Гурло, В. Вітка, Я. Журба і іншыя. Плённай была і супраца з беларускімі газетамі і часопісамі ў 1920–1940-я гг. Сярод іх “Маладняк”, “Малады араты”, “Наш край”, “Беларускі піянер” і іншыя.

Трэці раздзел выставы раскрывае схільнасць аўтара да даследавання, асэнсавання і стварэння беларускага кніжнага знака, або экслібрыса. Найкаштоўнейшую інфармацыю змяшчаюць кніга А.А. Шлюбскага “Exlibris’ы Тычыны” (1928), сумесная праца В. Шматава і А. Тычыны “Беларускі кніжны знак” (1975), а таксама артыкулы Анатоля Мікалаевіча па гісторыі айчыннага і сусветнага кніжнага знака. Сярод створаных майстрам экслібрысаў – кніжныя знакі для яго жонкі З. Кавалеўскай, мастацтвазнаўцаў М. Шчакаціхіна, М. Кацара, краязнаўца М. Каспяровіча, пісьменнікаў Я. Маўра, В. Вольскага, У. Караткевіча, паэта П. Глебкі, скульптара З. Азгура, даследчыка беларускай культуры А. Мальдзіса і іншых.

Экспазіцыя дазваляе не толькі бліжэй пазнаёміцца з творчымі набыткамі майстра, але і атрымаць паўнавартаснае ўяўленне аб унёску А.М. Тычыны ў станаўленне і развіццё мастацтва беларускай кніжнай графікі.


Кніжная выстава працуе да 12 верасня 2022 года ў кальцавой галерэі 2-га паверха.
Дата яе заканчэння можа быць зменена.

Час работы выставы адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Прадстаўленыя ў экспазіцыі кнігі можна заказаць праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 29 80.

Матэрыял пададзены аддзелам галерэйна-выставачнай дзейнасці.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам