З 21 лютага да 31 мая ў галерэі “Атрыум” (3-ці паверх) ладзіцца юбілейная выстаўка “Людзі, я любіў вас. Будзьце пільныя!”, прысвечаная 110-годдзю з дня нараджэння Юліуса Фучыка.
Выстаўка падрыхтавана Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Таварыствам Юліуса Фучыка ў Чэшскай Рэспубліцы.
Кніжная экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці Ю. Фучыка, складаецца з трох асноўных частак. Першы раздзел адлюстроўвае творчасць пісьменніка ў цэлым і ўключае Збор твораў аўтара і яго асобныя публікацыі, другі – прысвечаны яго знакамітай кнізе “Рэпартаж з пятлёй на шыі”, якая прадстаўлена як на мове арыгіналу, так і ў перакладах на беларускую, рускую, украінскую, іспанскую мовы. У трэці раздзел увайшлі выданні пра гераічную постаць Юліуса Фучыка і яго літаратурна-публіцыстычную спадчыну.
Акрамя кніжных выданняў, экспазіцыя дапоўнена ілюстрацыямі – копіямі фотаздымкаў, артыкулаў, вокладак, плакатаў.
Юліус Фучык (1903–1943),чэшскі журналіст, літаратурны і тэатральны крытык, пісьменнік і публіцыст, нарадзіўся 23 лютага 1903 г. у Празе, сталіцы Чэхіі, якая знаходзілася тады ў складзе Аўстра-Венгрыі. Вучыўся на філасофскім факультэце Пражскага ўніверсітэта. З 1920-х гадоў – адзін з рэдактараў друкаваных органаў кампартыі Чэхаславакіі – газеты “Рудэ права” (“Rudé právo”) і часопіса “Творба” (“Tvorba”).
У 1930-х гг. журналіст наведаў СССР, у прыватнасці Ташкент. На падставе ўражанняў ад наведвання ім была напісана кніга “У краіне, дзе наша заўтра з’яўляецца ўжо ўчорашнім днём” (1932) і значны цыкл мастацкіх нарысаў.
Юліус Фучык быў перакананым антыфашыстам, а пад час Другой сусветнай вайны – удзельнікам руху Супраціўлення. У перыяд нямецкай акупацыі былі апублікаваны цыкл патрыятычных артыкулаў і эсэ пра лепшых прадстаўнікоў дэмакратычнай культуры – Бажэну Нямцову (1820–1862), Карэла Гаўлічка-Бароўскага (1821–1856), Яна Неруду (1834–1891). З 1941 г. Фучык кіраваў падпольнымі выданнямі. У красавіку 1942 г. ён быў арыштаваны гестапа. Знаходзячыся ў пражскай вязніцы Панкрац, ён напісаў самую вядомую сваю кнігу “Рэпартаж з пятлёй на шыі” (чэш. “Reportáž psaná na oprátce”, у беларускім перакладзе вядома таксама як “Слова перад пакараннем смерцю”), у якой з’явіўся знакаміты радок: “Людзі, я любіў вас. Будзьце пільныя!” (чэш. “Lidé, měl jsem vás rád. Bděte!”). Упершыню гэта кніга пабачыла свет у 1945 г. і пазней была перакладзена на 70 замежных моў. Выданне з’яўляецца дакументальна-мастацкім сведчаннем пра барацьбу антыфашысцкага падпольнага руху Супраціўлення ў Чэхаславакіі пад час Другой сусветнай вайны, а таксама разважаннем Фучыка пра сэнс жыцця і меру адказнасці кожнага чалавека за лёс свету. За гэту кнігу пісьменнік быў пасмяротна ўдастоены Міжнароднай прэміі міру (1950).
Улетку 1943 г. Юліус Фучык заключаны ў канцлагер у Германіі, закатаваны і пакараны ў сумна вядомай берлінскай вязніцы Плётцэнзее на гільяціне. З 1958 г. дзень смерці Юліуса Фучыка стаў адзначацца як Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў.
Кантактныя тэлефоны: (8 017) 293 28 86, 293 29 80.