З 4 студзеня па 17 лютага ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць кніжная выстаўка “Кругі быцця”, прымеркаваная да 80-годдзя з дня нараджэння беларускай паэтэсы, перакладчыцы Веры Вярбы (1942–2012).
Паэзія В. Вярбы – лірычная споведзь пра час і сваё пакаленне. Асноўныя матывы – услаўленне маладосці, кахання, мацярынства, роздум над гісторыяй роднага краю і праблемамі сучаснасці. Творы паэтэсы вызначаюцца летуценнасцю, рамантычнай прыўзнятасцю, не пазбаўленыя рэалістычных матываў і вобразаў.
У раздзеле “Прагнучы вышыні” прадстаўлены зборнікі паэзіі “Вочы вясны” (1962), “Белыя пісьмы” (1967), “Пралеска” (1968), “Высакосны год” (1969), “Выбранае” (1976), “Мая маленькая планета” (1982), “Яраслаўна” (1986), “Сіняя бухта” (1975), “Альфа” (1978), “Апошні верасень” (1995) і інш. Яе верш “Ручнікі”, пакладзены на музыку М. Пятрэнкам, стаў папулярнай песняй з рэпертуару ансамбля “Песняры”. Песні на вершы паэтэсы напісалі кампазітары I. Барсукоў, Л. Свердзель.
Асобны раздзел выстаўкі прапануе да ўвагі чытачоў пераклады В. Вярбы з рускай мовы (напрыклад, Р. Фраермана “Дзікі сабака дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне”), а таксама зборнікі і часопісы на старонках якіх змешчаны пераклады з армянскай, літоўскай, рускай, узбекскай, украінскай, яўрэйскай і іншых моў. На паліцах таксама экспануюцца выданні, у якіх надрукаваны творы паэтэсы, перакладзеныя на рускую, малдаўскую, польскую, украінскую і іншыя мовы.
З матэрыяламі пра жыццёвы і творчы шлях Веры Вярбы аматараў творчасці паэтэсы знаёміць раздзел “Здзіўляць, шукаць і гарэць”.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Прадстаўленыя ў экспазіцыі кнігі можна заказаць праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 16.
Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.