З 30 студзеня па 19 сакавіка 2009 года ў зале нотных і аўдыёдакументаў (пам. 305) праходзіць кніжная выстаўка “Класік рамантызму”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння нямецкага кампазітара Фелікса Мендэльсона-Бартольдзі.
Фелікс Мендэльсон – знакаміты кампазітар, піяніст, дырыжор, заснавальнік першай нямецкай кансерваторыі. Большасці з нас ён вядомы як аўтар “Вясельнага марша”. Але, акрамя гэтай эфектнай музыкі, Ф. Мендэльсон напісаў мноства твораў розных жанраў. Сярод аркестравых сачыненняў вылучаюцца праграмныя уверцюры “Сон у летнюю ноч” (фрагментам якой і з’яўляецца “Вясельны марш”), “Марская ціш і шчаслівае плаванне”, “Фінгалава пячора”, “Казка пра чароўную Мілузіну”, "Руі Блаз”. З 5 сімфоній Ф. Мендэльсона найбольш значныя “Італьянская” і “Шатландская”. Шырокую вядомасць набыў Канцэрт мі-мінор для скрыпкі з аркестрам.
На выстаўцы прадстаўлены кнігі і артыкулы з перыядычных выданняў пра творчасць Фелікса Мендэльсона, ноты і аўдыёдакументы твораў кампазітара.