З 22 студзеня па 25 сакавіка ў зале прававой інфармацыі (пам. 207 b) адкрыта тэматычная выстаўка “Канстытуцыя – гарант беларускай дзяржаўнасці”: да 100-годдзя ўтварэння БССР і прыняцця першай Канстытуцыі, 25-годдзя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
1 студзеня 1919 года быў апублікаваны Маніфест аб стварэнні БССР (ССРБ). 5 лютага 1919 года Прэзідыум УЦВК прыняў Пастанову аб прызнанні незалежнасці Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Рэспубліка вылучалася са складу РСФСР як самастойная дзяржаўная адзінка і абвяшчалася вольнай і незалежнай, а ўсе працоўныя атрымлівалі роўныя правы.
Першая Канстытуцыя Савецкай Беларусіі была прынята І Усебеларускім з’ездам Саветаў 3 лютага 1919 года. Яна абвясціла Беларусь Рэспублікай Саветаў рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў, адмяніла прыватную ўласнасць на зямлю і іншыя сродкі вытворчасці, замацавала роўныя правы і абавязкі грамадзян рэспублікі, абвясціла дэмакратычныя свабоды. Канстытуцыя складалася з Дэкларацыі праў працоўнага і эксплуатуемага народа Беларусі і трох раздзелаў: агульныя палажэнні, структура савецкай улады, герб і флаг. Адной з асаблівасцей Канстытуцыі было тое, што яна не прадугледжвала стварэння Савета Народных Камісараў. Функцыі яго ўскладаліся на Вялікі прэзідыум ЦВК, у які ўваходзілі ўсе народныя камісары.
ІІ Усебеларускі з’езд Саветаў дапоўніў першапачатковы тэкст Канстытуцыі палажэннямі аб утварэнні Савета Народных Камісараў рэспублікі як вышэйшага органа дзяржаўнага кіравання, аб арганізацыі і дзейнасці ЦВК Саветаў Беларусі і яго Прэзідыума. Канстытуцыя ССРБ 1919 г. заканадаўча замацавала акт дзяржаўна-нацыянальнага самавызначэння Беларусі.
Канстытуцыя суверэннай Рэспублікі Беларусь была прынята 15 сакавіка 1994 года. Змены і дадаткі ў Канстытуцыю ўносіліся тройчы (заўсёды – шляхам рэферэндуму). Адметнымі рысамі дзеючай Канстытуцыі з’яўляюцца: замацаванне ў якасці эканамічнай асновы разнастайнасці форм уласнасці; устанаўленне роўнасці дзяржавы і грамадзяніна, наяўнасць у іх узаемных абавязацельстваў; арыентацыя заканадаўства на агульнапрызнаныя прынцыпы міжнароднага права; падзел і ўзаемадзеянне ўлад; прамы характар дзеяння Канстытуцыі. Яна валодае вяршэнствам у дачыненні да ўсіх іншых прававых актаў, складае ядро прававой сістэмы дзяржавы. Канстытуцыя 1994 года з’яўляецца пятай па ліку Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, прынятай пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Экспазіцыя налічвае каля 80 дакументаў: кнігі, брашуры, перыядычныя выданні.
Выстаўка адрасуецца навуковым работнікам, выкладчыкам, аспірантам і студэнтам юрыдычных і гістарычных факультэтаў, палітолагам; усім, хто цікавіцца канстытуцыйным правам, гісторыяй дзяржавы і права, палітычнай гісторыяй.
Выстаўка ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:
- Нараджэнне Беларускай Савецкай Рэспублікі
- Канстытуцыі Савецкай Беларусі 1919, 1927, 1937, 1978 гадоў: некаторыя аспекты канстытуцыйнай праватворчасці
- Канстытуцыя незалежнай Беларусі: распрацоўка, праекты, прыняцце
- Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь як аснова законнасці беларускай дзяржавы
Карысныя спасылкі:
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Прадстаўленыя ў экспазіцыі кнігі можна заказаць праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 28.
Матэрыял прадастаўлены аддзелам абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.