ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Цуд, імя якому – Кніга
Беларускае слова прагучала ў Балгарыі

Кампазітар двух кантынентаў

Кампазітар двух кантынентаў
Іншыя навіны

З 12 чэрвеня па 15 жніўня ў зале нотных і аўдыядакументаў (пам. 305) арганізавана выстаўка “Кампазітар двух кантынентаў”, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння рускага кампазітара і дырыжора І. Ф. Стравінскага (1882–1971).


Творчае жыццё Ігара Фёдаравіча Стравінскага – гэта жывая гісторыя музыкі XX ст. У ёй, як у люстэрку, адбіліся працэсы развіцця мастацтва таго часу, новыя шляхі. Кампазітар набыў рэпутацыю дзёрзкага разбуральніка традыцый. У яго музыцы ўзнікае мноства стыляў, якія пастаянна перасякаюцца і часам цяжка паддаюцца класіфікацыі. Сцвярджаючы, што “музыка здольная выяўляць толькі самую сябе”, І. Стравінскі, тым не менш, імкнуўся жыць “con Tempo” (г. зн. разам з часам).

Здзіўляе ўніверсалізм кампазітара. Ён выяўляецца ў шырыні ахопу з’яў сусветнай музычнай культуры, у разнастайнасці творчых шуканняў, у інтэнсіўнасці выканальніцкай – піяністычнай і дырыжорскай – дзейнасці, якая доўжылася звыш 40 гадоў. Беспрэцэдэнтныя маштабы яго асабістых кантактаў з выдатнымі людзьмі: М. Рымскім-Корсакавым, А. Лядавым, А. Глазуновым, У. Стасавым, С. Дзягілевым, А. Мацісам, П. Пікасо, Р. Раланам, Т. Манам, А. Жыдам, Ч. Чапліным, К. Дэбюсі, М. Равелем, А. Шонбергам, П. Хіндэмітам, М. дэ Фалья, Г. Форы, Э. Саці і многімі іншымі. Усё жыццё кампазітар знаходзіўся ў цэнтры грамадскай увагі, на перакрыжаванні найважнейшых мастацкіх шляхоў. Геаграфія яго жыцця ахоплівае мноства краін.

Індывідуальны почырк, сродкі выразнасці І. Стравінскага заставаліся і застаюцца характэрнымі толькі для яго, складаючы непаўторную музычную мову і метад мыслення. Ён адным з першых адкрыў новыя музычна-структурныя элементы ў фальклоры, асіміляваў некаторыя сучасныя інтанацыі (напрыклад, джазавыя), унёс шмат новага ў метрарытмічную арганізацыю, аркестроўку, трактоўку жанраў. Па сіле ўздзеяння на публіку музыку Ігара Стравінскага часта параўноўваюць з жывапісам Пабла Пікасо.

На выстаўцы прадстаўлена звыш 100 дакументаў. Гэта нотныя выданні твораў кампазітара, прадстаўленыя рознымі жанрамі. Сярод іх балеты “Пятрушка”, “Вясна свяшчэнная”, “Пацалунак феі”, казка-балет “Жар-птушка”, балет-пантаміма “Гісторыя салдата”, выданне якога змяшчае лібрэта і артыкул аўтара, што расказвае пра гісторыю напісання твора, аднаактовыя балеты “Арфей”, “Агон”, а таксама опера “Маўра”, сімфоніі, камерна-інструментальныя ансамблі, п’есы для фартэпіяна, хоры a capella, рамансы, песні і інш.

Наведвальнікі выстаўкі маюць магчымасць праслухаць творы І. Стравінскага, звярнуўшыся ў залу нотных і аўдыядакументаў.

Дапаўняюць экспазіцыю кнігі і артыкулы пра кампазітара.

Кантактны тэлефон: (+375-17) 293-27-52.

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам