Да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (15 сакавіка) у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (2-гі паверх, кальцавы калідор) з 10 сакавіка па 27 красавіка адкрыта выстаўка "Ідэалогія беларускай дзяржавы: сутнасць, прызначэнне, магчымасці".
Чалавечае грамадства кансалідуецца сістэмай ідэй, якія аб’ядноўваюць розныя слаі насельніцтва, абумоўліваюць каштоўнасныя арыентацыі, маральныя нормы, пэўны ўклад жыцця, сацыяльную актыўнасць. Такая сацыяльна значная і тэарэтычна аформленая сістэма ідэй, дзе адлюстроўваюцца глыбінныя інтарэсы адпаведных сацыяльных груп і слаёў і якая прызначана замацаваць або змяніць грамадскія адносіны, і з’яўляецца ідэалогіяй. Ідэалогія павінна быць той духоўнай сілай, што інтэгрыруе ўсё грамадства ў адзіны сацыяльны арганізм.
Ідэалогія дзяржавы – гэта нацыянальная згуртавальная і мабілізуючая ідэя. Яна дазваляе людзям розных перакананняў прыйсці да ўсведамлення агульных каштоўнасцей, спрыяе ўсталяванню ў грамадстве атмасферы згоды і стварэння.
Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы афіцыйна сфармуляваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзе выкладзены галоўны прынцып правядзення дзяржаўнай палітыкі ў нашай краіне: усё павінна рабіцца для чалавека і ў інтарэсах Беларусі.
На тэматычнай кніжнай выстаўцы "Ідэалогія беларускай дзяржавы: сутнасць, прызначэнне, магчымасці" прадстаўлена каля 200 дакументаў, у якіх выдзелены ключавыя пастулаты сучасных ідэалагічных канцэпцый, што складаюць светапоглядную аснову нацыянальнай ідэалогіі, разглядаюцца галоўныя кампаненты ідэалогіі беларускай дзяржавы ў розных сферах жыццядзейнасці беларускага грамадства, пытанні канстытуцыйнага права Рэспублікі Беларусь, раскрываюцца месца і роля палітычных інстытутаў і грамадскіх арганізацый у ідэалагічных працэсах.
Экспазіцыя мае навукова-практычнае значэнне, рэкамендавана палітыкам, дзяржаўным дзеячам, навуковым супрацоўнікам, выкладчыкам, аспірантам і студэнтам, будзе карыснай арганізатарам ідэйна-выхаваўчай работы ў калектывах і арганізацыях.
Кантактны тэлефон: 293-28-86.
Увага! У чытальных залах арганізаваны доступ да спісаў літаратуры, прадстаўленай на кніжных выстаўках, якія ладзяцца ў бібліятэцы.